Aktualny język artykułu: BE

ХХ гадоў Cустрэч "Зоркі”

1. Развітанне з махнацкім стандардам

Сёння думаю, што вінаваты ўсяму мой казачны падыход да справы. Вера ў магчымасці, якіх папраўдзе няма, але якія можна адваяваць.
Калі восенню 1994 годзе я ўзялася рэдагаваць „Зорку”, чуліся адно жалобныя стогны пра адміранне вёскі. — Ужо ўсё! — лемантавалі навокал, у першым ліку паэты ды інтэлектуалы. Я таксама галасіла.
У Беластоку, на які загледзеўся наш родны Kacapland, я ведала толькі дзве сям’і, якія ў хаце з дзеткамі размаўлялі па-беларуску. Пра школу з беларускай мовай тут яшчэ ўголас не марылі. Мой чытач знаходзіўся ў Гайнаўцы, Бельску і яшчэ ў некалькіх мясцінах між Бугам і Нарвай. Каб раздабыць жывы матэрыял, трэба было гнацца на край свету, зрывацца з пасцелі з трэцімі пеўнямі, каб пасля змагарскіх рашэнняў недзе пад поўдзень паспець у школу...
Яшчэ сёння як сонны кашмар праследуе мяне пабыўка ў Махнатым. У школе нібыта ўсе вывучалі беларускую мову. Але калі я пачала пра „Зорку”, — я пабачыла здзіўленне і нават абурэнне! На ўроку роднай мовы дзеці рыхтаваліся да кантрольнай па матэматыцы. У сшытках замест букваў і нашай чароўнай мовы шмаравалі цыфры і задачы.
— To jeden z naszych najwspanialszych roczników! — пераконвала мяне беларусістка.
Сустрэча ў Махнатным прыгнетла мяне да зямлі. Усе нашыя выдатнікі і будучыя белліцэісты прагнулі з’ехаць у Беласток або і далей. Словам, уцячы як найдалей ад сябе.
— A gdzie ty przeciw lawinie uciekniesz! — праўтарала ў такт беларусістка і ў яе голасе таксама гучалі мары яе выхаванкаў. Мне таксама хацелася думаць як людзі, але чамусьці... назойліва праследаваў герой — здольны, таленавіты хлопчык, пра якога раней расказалі мне ў падсакольскай вёсцы: што, замест у людзі... пайшоў у сабачую шкуру!
Вядома, найбольш бударажыла справа „Зоркі”. Я не магла пабачыць сябе ў ролі рэдактара газеты для кандыдатаў у сабачую шкуру!

* * *

І хоць мінула адно дзесяць гадоў — я ўспамінаю той час як іншую эпоху. У школах не верылі „Ніве” (многія настаўнікі былі звязаныя з БГКТ і, як Ян Сычэўскі, паўтаралі, што „паліваем іх граззю”). Ды што там — „Ніва”! Гэта быў час, калі ігнаравалі вядомага ўжо ў свеце Лёніка Тарасэвіча. Калі мы самі запрашаліся на сустрэчу, малявалі, гулялі, а пасля „расслаўлялі” дзетак, у школе не мелі часу згатаваць гарбаты. Менавіта, у першыя месяцы маёй працы з „Зоркай” самую вялікую падтрымку нёс Лёнік Тарасэвіч. Вядома — усё мела сваю цану. Раней я „дабравольна” стала рэдактарам гмінага часопіса „Гарадоцкія навіны — Nowiny Gródeckie” (якія ствараў Лёнік з Юркам Хмялеўскім).
Аднак у „Зорцы” нешта пачалося варушыцца, перш за ўсё сталі прыходзіць лісты ад дзяцей... Нібыта — не навіна, такое было і за іншых рэдактараў.
Хоць — гэтыя былі тыя адваяваныя...
Найбольш лістоў дасылалі дзеці з Бельска, Кленік, Чыжоў, Дубіч-Царкоўных. Допісы, вершы, малюнкі. Сярод апошніх сустракаліся таленавітыя малюнкі на гістарычныя і рэлігійныяю тэмы. Свае першыя малюнкі-іконы дасылаў нам Адам Сцепанюк з Ляхоў і Пятрусь Дэмянюк з Падрэчан. Хлопцы марылі пра Бельскую іканапісную школу, якая ўжо тады выпраменьвала добрую, мастацкую славу на ўвесь рэгіён.
Яшчэ ў маі 1995 разам з Лёнікам і пяцёркай гарэзаў з Гарадка мы паехалі паўдзельнічаць у працы над праектам „Святыня”. Імпрэзу ладзіў сейненскі цэнтр „Пагранічча”. Варштаты (пабудова святыні і рэалізацыя фільма) вяліся на гары Шэльмент. Тут наведаў нас айцец Лявонцій Тафілюк з вучнямі: Грышам Зіневічам і Асяй Іванавец. Мы самі пасля размалявалі беларускую каплічку і менавіта там падумалі пра каляровы крыж у беларускай вёсцы.
На Шэльменце я захапілася працай з дзяцьмі, тут я атрымала натхненне для Сустрэч „Зоркі” і хапіла яго — гаворачы сустрачанскім кодам — „на дваццаць гадоў”!
Чаму? Ствараліся там рэчы, у якія ў нас пасля не хацелі паверыць. За дзесяць дзён супольнай працы гарадоцкія жэўжыкі пачалі гаварыць па-беларуску. Ды не канец тут, яны захапілі апошніх аднагодкаў (палякаў, літоўцаў, украінцаў) спяваць нашу „Чараўніцу”. А нясмелы Андрэйка Казёл, найперш загублены з прычыны адзіноцтва (прыехаў з чатырмя дзеўкамі), дзесьці ў сёмы дзень пабыўкі стаў складваць беларускія вершы.
Пасля, калі я апавядала пра ўсё спадарыням настаўніцам, жанчыны падсміхаліся пад носам. Хоць для прыліку ківалі галоўкамі:
O tak! Dzieci wróciły bardzo zadowolone...

* * *

З перспектывы гадоў я бачу, што Сустрэчы „Зоркі” рэальна пачаліся... у бельскай „тройцы”. Па запрашэнню Валі Бабулевіч (з якой мы знаёмы са студэнцкіх гадоў) я трапіла ў славуты чацверты „э” клас. Першы раз за час вандровак па нашых школах я сустрэла дзяцей без комплексаў непаўнацэннасці. Яны, хоць польскамоўныя, жыва камунікавалі на беларускіх хвалях. Беларускасць асацыявалася ім з добрай бабуляй, шчодрым дзядулем, з казкамі, з тэатрам, песнямі (многія дзяўчаты спявалі ў „Журавінцы”). Клас, як і той махнацкі, лічыўся найлепшым у школе. Аднак, замест прыгнёту і галаўнога болю, я адчула тут моц і нешта надзейнае.
У класе сабралася г.зв. złota bielska młodzież — дзеці бельскай інтэлігенцыі. Не без уплыву астаецца і факт, што на той час Бельск лічыўся беларускай сталіцай Падляшша.
Мае мазгавітыя арыгіналы (так пасля гадоў супрацоўніцтва ахрысцілі ў рэдакцыі гэты клас) самі дамагаліся ўвагі. Адразу пачалі пісаць лісты, удзельнічаць у конкурсах, заяўляць пра любоў да „Зоркі”.
Я зразумела, што пара развітацца з махнацкім стандардам.
І яшчэ адна вестка родам з архіва Х:
Гару Шэльмент відаць з майго сувальска панадворка, дзе я жыла два гады з дачкой і адкуль даязджала ў „Зорку”!

(Працяг будзе...)

Ганна Кандрацюк