Aktualny język artykułu: BE

Восень і барды

Неяк у канцы кастрычніка па радыё падалі, што з беластоцкага парку хтосьці вынес... лаўку і ліхтарык. Ну, падумаў я сабе, пэўна, хлопцы са Зьвязу беларускай моладзі „пазычылі” іх з думкай пра сцэнаграфію “Бардаўскай восені”...

Жартую, вядома. Бо чаго як чаго, але неганаровых паводзін зьвязаўцам закінуць нельга. Хаця на сцэне Бельскага дому культуры, дзе 28-30 кастрычніка прайшоў XXII-ты выпуск фестываля беларускай аўтарскай ды бардаўскай песні, сапраўды, не хапала чагосьці характэрнага для гэтай цікавай імпрэзы. Невялічкі стэнд, хаця і па-мастацку запраектаваны, не быў чытэльны. Бо раней сцэнаграфія была больш прадуманая. Памятаю горбу жоўтых лістоў на падлозе, тыя ж паркавыя лаўку і ліхтарык, ці рэкламны стоўб, размаляваны ў сонечныя кастрычніцкія колеры.

А, мабыць, і сапраўды замнога дасюль было на Бардаўскай восені... восені. Бо назоў і сцэнўянае афармланне вельмі часта накідалі, мусіць, выканаўцам і тое, пра што яны спявалі – пажоўклая лістота, восеньскае надвор’е, сумны перадзімовы экзістэнцыялізм.

І на гэты раз такога хапала. Асабліва ў тэкстах песень удзельнікаў конкурсу. Было іх васьмёра – гуртоў і салістаў, сярод якіх былі таксама і выканаўцы ад нас, з Беласточчыны, з чым у папярэдніх выпусках часта ўзнікалі праблемы. Цяпер схацела выступіць у Бельску Ілона Карпюк (больш вядомая не як спявачка, але як старшыня БАСу), якая выступіла разам з сяброўкай Мажэнай Русачык і Андрэем Гжэсем, бубначом гарадоцкай „Рімы”. Таксама сёстры Кацярына і Мажэна Жменькі з Ягуштова, белліцэістка і студэнтка журналістыкі ў Варшаве. Адну з песень прысвяцілі яны „беларускаму народу, які знаходзіцца ў вельмі цяжкой сітуацыі”. А бяльшчанін Тамаш Суліма, які другі раз ужо прымаў удзел у конкурсе – калісь як белліцэіст, цяпер як студэнт у Варшаве – выканаў адну песню на словы Адама Глёбуса, а другую прысвяціў роднаму гораду – Бельску.

З Беларусі, як заўсёды, прыехалі пераважна студэнты або маладыя настаўнікі. Спявалі спакойна, толькі зрэдку з іх вуснаў прагучала нешта больш заангажаванае, як намёк на жах беларускай дзяржавы: ...гэты край – ён не твой і не мой... (Ілля Паплёўка з Мінска). А пераважна ў такім стылі:

...Мой прыпынак – каханне.
У маім кубку прастывае гарбата.
Штосьці кажа мне сябра...

(Андрэй Касцень з Мінска)

Узровень конкурсу не быў высокі, таму журы на гэты раз Гранпры не прызнала. Узнагароду Радыё Беласток (10 гадзін запісу ў студыі) атрымалі Андрэй Касцень і Ілля Паплёўка. Лаўрэатамі сталі таксама: Кацярына і Мажэна Жменькі (узнагарода публікі і Радыё Палёнія за лепшы дэбют), трыё Ілона Карпюк, Мажэна Русачык і Андрэй Гжэсь (гітара) і Уладзімір Цанунін (вылучэнне за вернасць жанру).

Па-за конкурсам выступілі: мінулагодняя лаўрэатка Гранпры Таццяна Беланогая, Алег Кабзар (мастак родам з Гомеля, жыў у Бельску, цяпер у Варшаве), гурт Рэха з Мінска, які на працягу года ад выступлення ў Бельску зрабіў вялікую кар’еру – дзякуючу перадусім свайму харызматычнаму цёмнаскураму вакалісту – а таксама такія вядомыя зоркі беларускай эстрады, як W-Z Orchestra, Кася Камоцкая ці Віктар Шалкевіч.

Фестываль праходзіў не толькі ў Бельску, паасобныя канцэрты адбыліся таксама ў Гайнаўцы ў Цэнтры прамоцыі рэгіёна „Чэрлёнка” і ў прамым эфіры ў студыі Радыё Беласток.

Трэба сказаць, што большасць выканаўцаў з рускамоўнай Беларусі на сцэне беларускай мовай валодае даволі добра. У нашых былі з гэтым большыя праблемы.

Дванаццаты выпуск Бардаўскай восені Зьвяз беларускай моладзі, як галоўны арганізатар, правёў пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, і пару меншых спонсараў. „Часопіс” даў медыяльны патранат.

Юрка Хмялеўскі, Czasopis, 12/2005 r.