Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Narodny Albom

У 1994 годзе неяк самi сабой напiсалiся некалькi тэкстаў. Гэта былi "Алiцыя", "Болек i Лёлек", "ЛаЛаЛаЛа", "Майская песьня". На той час я пiсаў тэксты спэцыяльна для Касi Камоцкай, але гэтыя новыя вiдавочна не пасавалi да эстэтыкi НОВАГА НЕБА. Вiдаць, тады й ўзьнiкла iдэя рэалiзаваць новы супольны праект. Назва Narodny Albom прыдумалася адразу, iншых варыянтаў не было. Першай, так мовiць, "запрошанай асобай" быў Лявон Вольскi, якi, зрэшты, вышэй узгаданыя тэксты ведаў i ад самага пачатку браў удзел у абмеркаваньнi праекту. Адразу былi запрошаныя Веранiка й Зьмiцер з КРЫВI, гукаапэратар Анатоль Додзь. Гурт N.R.M. працаваў над новым альбомам у поўным складзе - Пiт Паўлаў, Юрась Ляўкоў, Алег Дземiдовiч. ULIS быў прадстаўлены ў асобе Славы Кораня. НОВАЕ НЕБА упрыгожыла склад удзельнiкаў ня толькi Касяй Камоцкай, але таксама вiялянчэлiсткай Юляй Глушыцкай. Запрашалiся таксама музыкi зь iншых гуртоў, але па розных прычынах удзелу ня ўзялi, пра што асабiста я шкадую.

З незалежных крынiцаў у Narodny Albom прасачылася трохi выканаўцаў: Iрына Курапаткiна з Радыё 101,2 Аляксандар Памiдораў з Радыё Бi-эй (на той час, JL), абодва - мадэратары эфiру, а таксама Iнкогнiта, якi надалей мусiць заставацца таямнiцай. Сяргея Ахрамовiча, баянiста i хадзячую дэкарацыю, ня ведаю як клясыфiкаваць, бо на час стварэньня альбому ён перакладаў з ангельскай на Радыё 101,2, а зараз стаўся пятым мiнiстрам у N.R.M. Апроч вышэй пералiчаных асобаў, удзел бралi шараговыя супрацоўнiкi ўсё таго ж Радыё 101,2, дзе й запiсваўся альбом. Яны стваралi бэк-вакал, дадатковае плясканьне й крыкi.

Праца над матар'ялам для альбому йшла лёгка й хутка. Былi напiсаныя 24 аўтарскiх песьнi i пачалася руплiвая праца гукаапэратара Анатоля Додзя, якая доўжылася год з гакам i была завершаная ў сьнежнi 1997 году. 28 сьнежня адбылася прэзэнтацыя Narodnaha Albomu, якая мела месца ў менскiм Тэатры Юнага Гледача, i адбылася пры падтрымцы БГФ "Наша Нiва". Выпуск касэты (кампакт-дыска) ажыцьцявiла фiрма "Ковчег", дзякуючы намаганьням Юры Цыбiна.

Апроч 24 аўтарскiх песень (адна зь якiх паўтараецца два разы), у альбом увайшлi дзьве народныя песьнi. Гэта габрэйская песьня "Lomir Zech Iberbetn" i беларуская паваенная "Надзенька". Падзеi, пра якiя сьпяваецца ў альбоме, адбываюцца з 1918 па 1939 год у памежным беларускiм мястэчку, прататыпам якога можа быць Ракаў (як у "Настаўнiку Рагойшу") цi якое iншае заходнебеларускае мястэчка.

Апроч 24 аўтарскiх песень (адна зь якiх паўтараецца два разы), у альбом увайшлi дзьве народныя песьнi. Гэта габрэйская песьня "Lomir Zech Iberbetn" i беларуская паваенная "Надзенька". Падзеi, пра якiя сьпяваецца ў альбоме, адбываюцца з 1918 па 1939 год у памежным беларускiм мястэчку, прататыпам якога можа быць Ракаў (як у "Настаўнiку Рагойшу") цi якое iншае заходнебеларускае мястэчка.

Падчас працы над альбомам былi дэкляраваныя й мусiлi вытрымлiвацца наступныя прынцыпы: А) пазнавальнасьць герояў i музычных формаў, Б) слухабельнасьць i запамiнальнасьць мэлёдыяў, В) песьнi мусiлi ствараць уражаньне (тое самае датычылася тэкстаў), што ўсё гэта недзе падслухалася, знайшлося на гарышчы, iснавала раней. Задачай максымум было стварэньне культуралягiчнага мiту "Заходняя Беларусь. Мiжваенны перыяд" як праява iснаваньня Беларусi ў несавецкай традыцыi.

Зацiкаўленьне тэмай узьнiкла на падмурку ўласных дзiцячых успамiнаў аб летнiх паездках на Валожыншчыну, а таксама ад пазьнейшых вандровак аўтастопам напачатку васьмiдзясятых па тых жа мясьцiнах. Нават тады (як, зрэшты, й зараз) гэтая частка Беларусi адрозная была ад зрусiфiкаванага Менску сваёй беларускай прысутнасьцю й традыцыямi.

Першым тэкстам альбому па часе напiсаньня быў "Настаўнiк Рагойша", дакладней, першыя восемь ягоных радкоў, напiсаныя яшчэ ў 1987 годзе (рэшта напiсалася ў 1996). Штуршком да напiсаньня першых радкоў стаўся фiльм "Чужая Бацькаўшчына" па рамане Вячаслава Адамчыка, а ў першую чаргу стылiстычна бездакорныя касьцюмы да фiльму, якiя праектаваў Мiхась Раманюк. Дыхтоўныя кажушкi й шыкоўныя палiтоны герояў аспрэчвалi савецкiя стэрэатыпы, што да цяжкага жыцьця пад непрасьветным панскiм гнётам.

Пазьней быў фiльм Махульскага "Ва-банк". Гэты, адзiн зь лепшых, на маю думку, польскiх фiльмаў, я глядзеў разоў дзесяць, кожнага разу зь цiкавасьцю ды асалодай, i кожнага разу прыгадваў перадваенныя здымкi свайго дзядзькi Лёнiка, дзе ён у двубортным твiдавым палiто красуецца на тле гарадзенскага краявiду.

Гэтак жа ж арганiчна на гiстарычным тле пачуваецца гарадзенец Вiктар Шалкевiч - музыка, паэта, актор, якi даўно i пасьпяхова стварае ўласную мiталёгiю Заходняе Беларусi (Гарадзеншчыны). Шмат чуў пра ягоную творчасьць, але пачуць песьнi выпала ажно толькi у 97-м на кацэрце ў музэi Багдановiча, куды Шалкевiч прыбыў са спазьненем на дзьве гадзiны. Апроч сваiх уласных песень, Шалкевiч прасьпяваў таксама некалькi жыдоўскiх народных песень. Прасьпяваў з гэткiм смакам, што мы пастанавiлi, каб у Narodnym Albome была жыдоўская песьня, бо гэта таксама - "наша". Ужо я наважыўся званiць Шалкевiчу ў Горадню, але неўзабаве высьветлiлася, што спадар Памiдораў сам выйшаў да нас з прапановай прасьпяваць што-небудзь на iдзiш, i што ён можа, хоча, i ведае, як гэта трэба зрабiць. Гэтак зьявiўся "Lomir Zech Iberbetn" на тры з паловай хвiлiны. Памiдораў сьпявае сваю ўласную вэрсiю вядомай песьнi, i робiць гэта душэўна й стыльна.

Гаворачы пра стыль у кантэксьце Narodnaha Albomu, нельга не ўзгадаць некаторыя тэксты БОНДЫ, а менавiта тэксты са "свойскай", так бы мовiць, тэматыкай. Найлепшым прыкладам можа быць тэкст "Стэфкi" - песьнi этапнай для БОНДЫ i знакавай для ўсяго белускага рок-н-ролу. Тэкст песьнi напiсаў Сяргей Кныш, бубнач i аўтар большасьцi тэкстаў гурта. КРАМА, iдэйная спадкаемнiца БОНДЫ, пасьлядоўна й ўдала распрацоўвае яшчэ адну фундамэнтальную тэму, а менавiта тэму застольна-алькагольную. У песьнях КРАМЫ пiва i гарэлка пьюцца па-беларуску. З гэтай нагоды працытую свайго вышэй узгаданага дзядзьку Лёнiка: "Сесьцi, выпiць i закусiць - вось гэта i ёсьць культура." У сувязi з гэтым, усiм таварышам з БОНДЫ, КРАМЫ, а таксама Iгару Варашкiчу пэрсанальна, - вялiкае прывiтаньне, якое ў выглядзе музычнае цытаты са "Слуцкай Брамы" знойдзеце ў "Настаўнiку Рагойшу".

Польскi гурт KULT мы ў Narodnym Albome не цытавалi, але любiм i вельмi шануем праект "Тата Казiка" у першую чаргу за тое, што гэта "бомба", а па-другое, за пераканаўчы прыклад таго, як у рамках аднаго альбому можна перадаць дух эпохi. Песьнi барда Сташка Сташэўскага, напiсаныя ў 50-60-х гадох i прасьпяваныя наноў ягоным сынам Казiкам, лiдэрам KULT'у ў 90-х, ня ёсьць звыклым рэмэйкам, а чымсьцi больш падобным на супольную з бацькам творчасьць. Казiк ня проста сьпявае наноў старыя песьнi, а сустварае, суперажывае iх наноў. Вось жа й мы, працуючы над Narodnym Albomam, таксама намагалiся перадаць дух часу, але перадусiм мусiлi яшчэ стварыць песьнi, якiх, на жаль, не было, але якiя маглi (мусiлi) быць. Narodny Albom - гэта ня рэтра, а нешта такое, што дазволю сабе акрэсьлiць тэрмiнам "альтэрнатыўны фольк". Гэта спроба стварэньня мiкраэпасу памежнага мястэчка, апошняй незатопленай выспы колiшняга кантэненту - "Вялiкай Лiтвы".

Псьля таго, як ужо адбылася прэзэнтацыя альбому, Цэзары Галiньскi, карэспандэнт "Gazety Wyborzcaj" у Менску, распавёў мне пра Сергiюша Пясецкага (ня блытаць з Казiкам Пясецкiм, рэакцыянэрам зь Вiльнi!). Дык вось жа ж, той Сергiюш Пясецкi, рэальная гiстарычная асоба, за сваё пакручастае жыцьцё пасьпеў пабываць па чарзе цi тое ня ўсiмi героямi нашага альбому. Ён браў удзел у Слуцкiм Збройным чыне, быў кантрабандыстам i польскiм шпiёнам (хадзiў у Саветы праз ракаўскае памежнае вакно), круцiў афэры ў Вiльнi, апроч гэтага сядзеў у вязьнiцы, працаваў порнамадэляй, камандаваў партызанскiм атрадам, пiсаў аўтабiяграфiчныя кнiжкi "w języku polskim" i выдаваў iх пазьней на эмiграцыi ў Лёндане, дзе жыў пасьля вайны й дзе памёр у 1964 годзе. Спадзяюся, кнiжкi гэтыя будуць перакладзены па-беларуску i выдадзеныя. Вацлаву Арэшку зычу з гэтай нагоды ўпартасьцi ды натхненьня.

Калi ў мяне пытаюцца, цi будзе працяг Narodnaha Albomu, i я адказваю "не", то напэўна памыляюся, бо пераклад кнiгаў Пясецкага ў пэўнай меры й стаўся б такiм працягам. А можа, лепей было б сказаць, што гэта Narodny Albom ёсьць працягам гэтых неперакладзеных яшчэ кнiжак. Таксама можна было б лiчыць працягам альбому, непастаўлены яшчэ спэктакаль Пiнiгiна, п'есу да якога мы напiсалi ў 1998 годзе. Яна так i называецца - Narodny Albom.

Зрэшты, нашае цяперашняе жыцьцё й мы самi, разам i паасобку, зьяўляемся працягам альбому. Дай нам Божа надзеi, розуму i здароўя.

Мiхал Анемпадыстаў, 20.04.1999