Aktualny język artykułu: BE

Моладзь. Пэрспэктывы

Моладзь гэта працяг нацыі а нацыя- гэта асобны лёс. Можна так сказаць: якая нацыя, такая і яе моладзь. Хоць гэта не зусім так, не цалкам, калі не забывацца на тое, што ніхто не стаіць на месцы. Кожнае наступнае пакаленьне ў нечым іншае. Усё болей разьвітае. Такі закон жыцьця.

Беларуская меншасьць у Польшчы асаблівая тым, што ўяўляе сабою не толькі культуру, але і нацыянаьную тэрыторыю як частку рэгіёну Падляшша. Яе лёс не толькі ўсепольскі ў сваіх параметрах, але і спецыфічна рэгіянальны. Як кампанэнт славутае Усходняе Сьцяны. Тае гаспадарчае паласы Польшчы, якая характарызуецца самым нізкім даходам на душу насельніцтва, і натуральна, цывілізацыйнай адсталасьцю.

Трэба адначасна зазначыць, што польскія беларусы як перыферыйнае вакольле ўсебеларускага этнасу, ад 1 2004 г. апынуцца ў Эўразвязе; побач з падобнымі беларускімі меншасьцямі ў Літве і Латвіі.

Нам, беларусам тут, уваход у Еўропу будзе значыць выхад у шырэйшы ад польскага кантэкст існаваньня. Эканамічнае значэньне Беласточчыны ў рамках польскай дзяржавы ўсяго крыху большае за нулявое. Дэфіцытнае ваяводзтва. Зусім іншай акажацца сытуацыя Беластоцкага Краю, калі станецця ён найдалей на ўсход высунутым рубяжом Эўрапейскага Зьвязу. Наша дзікая прырода і пушчы набудуць унікальную каштоўнасць у заходняй індустрыі турызму, адпачынку, біялагічнага аднаўленьня чалавека. Пераутварымся ў эўрапейскі закутак курортаў; самой Польшчы, як бачым хапае Татраў і Сопату. Разам з тым нашае заходняе становішча на шляху ўсходняга транзыту выкліча неабходнасьць інвэстыцыяў тут у кантынэнтальным руху тавараў. Карацей кажучы: будзем патрэбнымі не адной толькі Польшчы, гэта важная канстатацыя.

Ведаючы маруднасьць гісторыі, усё гаворанае датычыць не толькі цяперашняга часу, колькі будучага менавіта. Эўрапэйскія пэрспэктывы, замест толькі польскіх, трэба бачыць як пэрспэктывы пакаленьню, што ўваходзіць у жыцьцё. Пакаленьню што перастае быць сялянскім, робячыся інтэлігэнцкім. Эпоха плуга і фабрыкі канчаецца, прадукцыя перастае быць праблемаю (адсюль і беспрацоўе). Сьвет ідзе ў напрамку 80:20, што тлумачыцца – дзеля функцыянаваньня ды разгортваньня эканомікі дастаткова дваццаці працэнтаў папуляцыі; у разьвінутай гаспадарцы восемдзесят працэнтаў зарабляе ў паслугах, шырока зразумелых. Знаходзімся ўсяго на прарозе землятрусных зьменаў.

Зьнікае стэрэатып беларускай нацыянальнай меншасьці, як сялянскай, вясковай, грамадзянска другасортнай. Зьнікае і сама вёска як постфеадальная структура, пераарыйентоўваючыся ў аграрную таварнасьць. Гэтая зьява на Захадзе даўно адбылася.

Часамі дыскутуем: хто беларус, а хто ўжо не. Дзе беларуская моладзь, а дзе небеларуская? У гэтым выпадку такая дыскусія не мае грунту, бо гаворым пра лёс усім аднолькавы на нашай нацыянальнай тэрыторыі. Прыкладам кажучы: гайнаўскі касьцельны паляк у сваіх жыцьцёвых пэрспэктывах зьяўляецца такім-жа беларусам як і той ахрышчаны ў царкве. Эканоміка не залежыць ад нацыянальнасьці, поле родзіць кожнаму, хто дбайны.

Раздумваючы пра лёс, нацыянальнасьць чалавека несумненна мае значэньне, ў сэньсе ментальнасьці, адносінаў да іншых і да сьвету. Той-жа гайнаўскі паляк хутчэй пашукае сабе лепшага хлеба ў глыбі Польшчы, чым сьвядомы беларус, якому не ўсё роўна, у якім месцы жыць. Хоць той і той будуць мець падобныя праблемы з адаптаваньнем сябе ў шчыра польскае асяродзьдзе; гайнаўскі паляк ментальна, філязофіяй быту, выдасьць сябе непалякам, негледзячы на патрыятычна- касьцельную заядласьць. Гэта так: якая глеба, такая і расьліна на ёй.

Вучыцца, канчаць факультэты, дабівацца дыпломаў. Гэта ўмова агульнапольская і, нават, агульнаэўрапэйская, калі не забываць, што ў Польшчы самы нізкі, у параўнаньні з Захадам, адсотак людзей з вышэйшай адукацыяй (7%). Дэфіняваць новую сытуацыю цяперашнім часам можна наступна: Не табе даюць работу, але ты сам ствараеш сабе работу.

Беластоцкая эканоміка шмат у чым каляніальная, грунтуецца на сыравінных рэсурсах і таннай рабочай сіле. Праблема, фактычна, адна тут: збыт. Скутак ад таго- энэргічны юнак або дзяўчына, замест заўсёды рызыкоўнага замужжа, бярэцца за яшчэ рызыкоўнейшы нейкі бізнэс. Як я бачу, гараць на бізнэсе не тыя, хто ім заняўся, але тыя, хто хоча адразу, хутка, многа. Шырокагорлыя бізнэсоўцы.

Нам будзе надта цяжка бо ўсе мы дзеці сваіх бацькоў зь вёскі, у якой рызыка была ад Бога (пагода!). І мы, аднак, дзеці сацыялізму, у якім улада клапацілася, каб ніхто не памёр ад голаду. Сёньня дазволена такая роскаш... Разам з тым наш гарадзкі рынак надта манатонны, неразьвіты, на ўзроўні патрэб клясычнай вёскі (Беласток – Гайнаўка - Бельск сялянскія гарады). Працэс гарадызыцыі рэдукаваў вёску да неабавязковага дадатку гораду, з пэрспэктывай на цывілізацыўны рудымэнт - не: Беласток плюс вёска, але: Беласток плюс пушча.

Афрыканізацыя Ўсходняе Сьцяны абумоўлівае яе будучыню, якую складуць два элементы: сыравіна плюс турызм. Трэці элемэнт - транзыт будзе залежыць ад рэляцыяў Эўразьвяз - Усход. Можна спадзявацца на спекуляцыйны капітал у сувязях з Беларусяй, партнэрства бедных з беднымі, якое яшчэ нядаўнім часам запаўняля “базары”. Невыпадкова ідзе гаворка аб матэряльным эканамічным пляне; інтэлектуальныя паслугі ў асяродзьдзях сялянскага паходжаньня мала запатрабавныя (напр. не разбагацееш на продажы кніжак).

Беручы за падставу лёс чалавека і грамадзтва ва ўсходнесьценным Беластоцкім Краі ўсе да апошняга беларусы, хоць далёка не ўсе аб тым ведаюць. Гэтая абьектыўная беларусізацыя фіналізуецца трывалай адрознасьцяй ад завісьленскай Польшчы. Папярэдняя інтэграцыя зь ёю была выклікана ідэялягічнымі патрэбамі, надта інтэнсыўнымі ў эпоху Герка. Ненатуральнасьць тае інтэграцыі хутка прявілася ад моманту ліквідацыі ідэалагічнай дамінанты, уводжаньня ў эканамічнае жыцьцё проста законаў эканомікі, іх вярхоўнасьці над палітыкай.

Пэрыфэрыйная патрэбнасьць краіне ў прыналежнасьці да яе Беластоцкага Краю радыкальна зьменіцца на вялікі пазытыў з прыходам сюды Эўрапескага Зьвязу. Гэтая меншасная тэрыторыя пачне функцыянаваць ужо ў кантынэнтальным кантэксьце, якому паспрыяе перш за ўсё ліквідацыя мытных бар’ераў а таксама свабода руху насельніцтва. Падвойная частковасьць - частка Польшчы, частка Эўропы - пераўтварыць нашу “сьценнасьць” у важны рэгіён на прасторы ад Буга і Белавежы да Ля Маншу. Рэалізуецца тое, вядома, няхутка, аднак пры жыцьці сучаснага маладога пакаленьня. Першых зрухаў тут у лепшым напрамку трэба чакаць на працягу пачатковых пяці - сямі гадоў.

Лепшая будучыня чакае толькі добра адукаваных маладых. Здольных стацца партнэрамі захадняму чалавеку. Толькі іх, валодаючых мовамі, унівэрсытэцкімі ведамі. Не ніжэй. Без пашырэньна вышэйшай адукацыі мы будзем Эўропе нэграмі, каляняльным людам. Заходні чалавек часта высокаадукаваны, а наш не заўсёды хаця-б з “матураю”. Якое-ж тады можа быць партнэрства, напрыклад між францускім інжынэрам, і польскім матурыстам? Толькі такое як калісьці між фабрыкантам і рабочым (сярод рабочых былі яшчэ і чорнарабочыя без кваліфікацыяў прынамсі мінімальных, такіх “ні чытаці ні пісаці”).

Таму, гаворачы пра пэрспэктывы маладым, гаворым пра высокую адукацыю. Іначай толькі паўторым лёс бацькоў..

Сократ Яновіч