Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Мая Беласточчына

Звычайна, нашы ўяўленьні пра тую, ці іншую краіну складаюцца яшчэ да таго, як мы самі там пабываем. Фармуюцца пад узьдзеяньнем стэрэатыпаў пашыраных у грамадстве, пад уплывам прачытаных кніг, альбо расповедаў тых, хто сам там пабываў. Падобна і мае ўяўленьні пра Беласточчыну, пачалі складвацца ў болей-меней выразны вобраз задоўга да таго, як я туды патрапіў.

Пад час навучаньня ў школе, я пра існаваньня Беластока, і адпаведна, Беластоцкага краю, нічога ня ведаў. Нельга сказаць, што нас дрэнна вучылі геаграфіі, якраз наадварот, вучылі добра, але неяк дзіўнавата. Так, што мы маглі паказаць на мапе найвышэйшую гару Аўстраліі, але цьмяна сабе ўяўлялі, як выглядае сама Беларусь і яе суседзі. Мой дзіцячы сусьвет з цэнтрам у Менску, меў дзіўную канфігурацыю. Ён цягнуўся на поўнач і поўдзень, і яшчэ болей на ўсход. Блізкасьць, ці аддаленасьць гарадоў залежала наўпрост ад часьціны згадак пра іх па тэлевізары. На захадзе гэтага сусьвету пралягала мяжа, такая самая, як тая, што ў Сярэднявеччы аддзяляла зямную цьвердзь ад сусьветнага акіяну. Ну, можа не такая самая, але падобная. А розьніца палягала на тым, што па той бок мяжы быў не міравы акіян, а такая ж зямная цьвердзь. Мы туды патрапіць не маглі, але да нас адтуль, раз на год, прыяжджалі нашы польскія сваякі, паваенныя перасяленцы з Гарадзеншчыны на “Zemi Odzyskane”. Вось жа, праз нейкі час, неяк пацяплела там, на памежжы, і нас таксама, выпусьцілі да сваякоў у Польшчу. Момант пераходу мяжы, падаўся мне тады сапраўды містычнай дзеяй. Перад тым, як выпусьціць нас на той бок, наш цягнік доўга ганялі ўзад-уперад па бязьлюдных начных краявідах, заганялі у вялікія збудаваньні, падымалі ў паветра і апускалі долу, і людзі гаварылі на мяжы шэптам, як у храме.

Але Беласточчына прыйшла у маю сьвядомасьць іншым разам, і з іншага боку, а менавіта праз пазьнейшую маю зацікаўленасьць беларушчынай. Праз колькі гадоў пасьля маёй першай паездкі ў Польшчу, недзе на пачатку 80-х, тады, калі я ўжо вучыўся у Менскай мастацкай вучэльні, я пачаў пакрысе чытаць кнігі, часопісы і газэты, друкаваныя па-беларуску. Аднойчы, выпадкова ўбачыў у шапіку, і набыў Беластоцкую “Ніву”. Газэта зьдзівіла тады мяне, савецкага беларуса, сваёй апалітычнасьцю і нейкай “свойскай” беларускасьцю. Што да узроўню тае газэты, то па праўдзе кажучы, ён таксама, быў “свойскім”, а калі быць крытычным, то нават аматарскім. Цяпер я разумею, што тады, па-іншаму быць не магло, што беларуская культурная аўтаномія у межах ПНР мела свае рамкі дазволенага, але тады я проста прыняў гэта, як дадзенае. Маўляў, можа, так яно і трэба. Аднак, і гэтае бяскрыўднае выданьне зьнікла з менскіх шапікаў, таксама як уся іншая польская прэса, пасьля утварэньня “Салідарнасьці” і зьвязаных з гэтым падзеяў.

У той самы час, на Беларусі, таксама нешта адбывалася, і ня мае рацыі той, хто кажа, што польскія падзеі ня мелі ўплыву на суседзяў. Бо, шмат у чым, менавіта польскі прыклад, справакаваў жаданьне большай свабоды, перш за ўсё, ў моладзевым асяродку Менска і іншых буйных гарадоў Беларусі. Бо менавіта тады, пачалі паўставаць шматлікія нефармальныя моладзевыя рухі, а сярод іншых і “Майстроўня”, кузьня новых творцаў новага беларускага адраджэньня. Менавіта праз “Майстроўню” патрапіў да мяне самаробны перадрук кнігі Аркадзя Смоліча “Географія Беларусі”, выдадзенай упершыню ў Вільні, ў тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатым. Смоліч пісаў сваю кнігу ў той час, калі новыя дзяржаўныя утварэньні на ўскраінах, тады ўжо былой Расейскай імпэрыі, узьнікалі і зьнікалі па некалькі разоў на год, а межы тых дзяржаваў мянялі свае абрысы ці ня штомесяц. З гэтае прычыны, а таксама таму што Смоліч быў патрыётам Беларусі, і пісаў сваю кнігу з пазыцый беларускага патрыятызму, асобная глава ягонай кнігі прысьвячалася Беласточчыне. У сваёй кнізе ён ужыў дыпляматычную фармулёўку, што да этнічнага складу насельніцтва Беластоцкага краю. Сэнс яго больш-менш такі: на захадзе і поўначы Беласточчыны беларусы жывуць уперамешку з палякамі, а ў гарадох пераважаюць габрэі. З гэтага лягічна вынікала, што паўсюдна, апроч вышэйпамянёных месцаў жывуць беларусы. Так я і лічыў да першае сваёй паездкі на Беласточчыну. Падсумоўваючы багаж маіх тагачасных ведаў (які, міжволі, уплывае на той вобраз, што маю сёньня), магу намаляваць такую, шмат у чым ідылічную карцінку: за Белавескай Пушчай, за дзяржаўнай мяжой, ляжыць апошні аазіс жывой беларушчыны, дзе ёсьць беларускія школы, дзе людзі ходзяць у цэрквы і дзе выдаецца не палітызаваная газэта“Ніва”. Таксама, ведаў я з кніжкі Смоліча, што Беластоцкі край багаты лясамі, і з усіх беларускіх зямель, найболей заможны і мае разьвітую прамысловасьць.

Недзе на пачатку 90-х, пасьля ўсім вядомых падзеяў, мяжа з вялікай літары, паміж намі, раптам пераўтварылася у звычайны кантрольна-прапускны пункт. Людзі сталі езьдзіць туды-сюды, актывізаваўся памежны гандаль. Культурныя кантакты паміж беларусамі з абедзьвюх бакоў мяжы, таксама актывізаваліся. Яны, канечне, заўсёды былі, гэтыя кантакты, бо старэйшыя дзеячы кантактаваліся паміж сабой і за савецкім часам. Але маю такое уражаньне, (і выбачаюся, калі ня маю рацыі), што да запамінальных супольных прадуктаў не даходзіла. Натуральна, за выняткам перакладаў. Прычына адсутнасьці такіх прадуктаў, бачыцца мне ў першую чаргу, ў нерэгулярнасьці тых самых кантактаў, ў пэўнай дыспрапорцыі дазволенага па розныя бакі мяжы, ўрэшце, ў незапатрабаванасьці гэтых прадуктаў беларускім грамадствам і дзяржавай. Беларуская культура была тады, справай элітарнай, часам, прафэсійным заняткам, і трымалася дзякуючы купцы рупліўцаў. Ажно пакуль не прыйшло, раптам, шмат новых людзей, для якіх, тая самая беларускасьць стала, папросту, пытаньнем сьветапогляду і саматоеснасьці. На Беласточчыне гэта былі людзі, чые студэнцкія гады прыпалі на часы “Салідарнасьці”, але ўсьлед за імі, ішлі яшчэ маладзейшыя. На Беларусі гэта была генэрацыя “Майстроўні”, і таксама, яшчэ маладзейшыя. Таксама, шмат далучылася людзей сталых, але найважнейшым быў прыход менавіта моладзі. Перад беларускай супольнасьцю паўсталі новыя задачы. Цяпер трэба было ня толькі захоўваць культурную традыцыю, але таксама зрабіць так, каб у полі гэтай традыцыі можна было разьвівацца (і жыць).

Такія задачы патрабавалі працы ня толькі на ніве культуры, але, таксама, і ў палітыцы. І шмат людзей так, ці інакш, пачалі ёй займацца. Ўвогуле, ў тыя часы, мы ўсе былі вельмі палітызаваныя. Сваю беларускасьць трэба было даказваць. Даказваць не права беларусам звацца, бо з гэтым ніхто ўжо не спрачаўся, а менавіта тое, што мы гэтым правам маем намер карыстацца. Маю такое уражаньне, што польская большасьць Беласточчыны, была тады крыху гэтым шакаваная, нават дапускаю, што болей за ўсіх, былі шакаваныя, а нават абураныя тыя беларусы, якія адарваліся ад сваіх каранёў і сталі лічыць сябе палякамі. Бо тое ж самае было у той час на Беларусі. Так, ці інакш, але палякам хапіла мудрасьці нас зразумець і шмат у чым, пайсьці насустрач, прынамсі, так бачыцца з Менску. А калі нас зразумеюць зрусыфікаваныя і саветызаваныя, а таксама, зпаланізаваныя супляменікі, я ня ведаю.

Баюся, каб не прагучала гэта занадта патасна, але заўважце: з’явілася, нарэшце, ў маім тэксьце (неўпрыкмет для мяне самога) слова “мы”. І я, раптам зразумеў, чаму цяжка даецца мне пісаць на зададзеную тэму “Погляд на Беласточчыну з Беларусі”. А таму цяжка пісаць, што не атрымліваецца староньняга погляду, бо паўстаюць ўжо адразу знаёмыя твары, і я так шчыра кажучы, баюся далей пісаць, каб нікога прыватна не пакрыўдзіць. І вось чаго я не магу зразумець, і што мяне злуе страшэнна, гэта стан пакрыўджанасьці, які ці ня ёсьць беларускай нацыянальнай рысай, а на Беласточчыне, дык набыў папросту гіпэртрафаваныя памеры. Я ня выключэньне, мне таксама крыўдна, але крыўдна за тое, што ад гэтага церпіць нашая культура. Карыстаючыся выпадкам, я вельмі прашу не крыўдаваць на мяне тых, хто мае на гэта падставы.

Дык вось, адметнай першай беластоцкай ластаўкай ў Менску быў Лёнік Тарасэвіч са сваёй выставай у Палацы Мастацтваў. І ластаўка скінула сапраўдную бомбу! На адкрыцьці выставы да мэтра было не прабіцца. Я і жонка Алена прыйшлі на выставу з кветкамі, але, так і не падлавіўшы зручнага моманту дзеля таго, каб перадаць букет герою, вярнуліся з кветкамі дадому. Асабістае знаёмства адбылося толькі праз пару гадоў у Валілах, падчас “Басовішча”. Асобу Тарасэвіча цяжка пераацаніць, гэтак шмат зрабіў ён для нашай культуры і мастацтва, але вы наўрад ці знойдзеце пра яго што-небудзь у дзяржаўнай беларускай прэсе, і гэта ня дзіўна, бо гэтай дзяржаве, такі Лёнік не патрэбны. Дзіўна тое, што незалежныя культурніцкія выданьні на Беларусі, таксама, вельмі рэдка пра яго нешта пішуць. І гэта на фоне пастаяннай ягонай прысутнасьці у польскіх і эўрапейскіх сродках масавай інфармацыі. Я, шчыра кажучы ня ведаю, чаму так склалася. Можа нашы такія абмежаваныя і лянівыя, што лянуюцца зайсьці праз пошукавую сыстэму на сайт мастака, ці сам мастак ня лічыць патрэбным, час ад часу, нагадваць аб сваёй творчай дзейнасьці, хаця б у выглядзе прэс-рэлізаў аб маючых адбыцца выставах. Так ці інакш, але ў выніку, людзі на Беларусі пазбаўлены яшчэ адной веды пра тое, чым можна і трэба ганарыцца. Зрэшты, пазбаўлены папросту цікавай інфармацыі пра сваіх культурных герояў.

Забягаючы наперад, мушу сказаць, што шмат цікавага, з таго, што робіцца на Беласточчыне, да шырокага кола на Беларусі, на жаль, не даходзіць. І зноў-такі, гаворка ня ідзе пра афіцыйныя выданьні, але пра незалежную прэсу. Па вялікім рахунку, краіна Беларусь, альбо, як на цяперашні момант, то культурная эліта гэтай краіны, мае перад беларусамі Беласточчыны вялікую маральную, так бы мовіць, запазычанасьць. Адзінае, што мае Беласточчына з нашага боку ў дастатковай колькасьці, а нават болей чым трэба, дык гэта рок, у розных ягоных формах і праявах. Таксама, маладая Беларусь мае, дзякуючы сябрам з Беласточчыны, месца і мажлівасьць гаварыць і быць пачутай. Ня ведаю, ці ёсьць яшчэ дзе-небудзь у сьвеце такое, каб найбуйнейшы нацыянальны фэстываль рок музыкі адбываўся па-за межамі краіны. Наўрад ці. Таму, “Басовішча” гэта фэнамен. Пра “Басовішча” можна пісаць шмат. Можна (і варта было б) зьняць фільм, альбо напісаць кнігу, і я амаль упэўнены, што такая кніга напішацца, а фільм здымецца, але пару істотных момантаў я хацеў бы адзначыць зараз. Першае: гэта першы значны супольны культурны праект беларусаў Беласточчыны і мэтраполіі (ой, як не пасуе да Беларусі гэтае слова). Другое: гэта жыцьцяздольны праект, што у нашых умовах бывае досыць рэдка. Трэцяя: гэта эфэктыўны праект, бо шмат у чым вызначае разьвіцьцё рок культуры, і таксама шырэй, моладзевай культуры, а значыцца культуры заўтрашняй Беларусі.

Цяжка параўновываць з “Басовішчам” іншы фэстываль, а менавіта “Бардаўскую восень”, бо занадта яны розныя. Розны фармат, розны маштаб. Але, міжволі ўсе іх параўноўваюць, і я паспрабую зрабіць тое ж. Дык вось, мне падаецца, што апошнім часам, першы фэстываль робіцца ўсё болей фэстывалем музыкі мэйнстрыму, і выйсьце за стылёвыя рамкі гарантуе правал на конкурсе. Гэта даволі небясьпечная тэндэнцыя, бо яна стрымлівае пошук новых формаў, а значыцца перашкаджае мастацтву разьвівацца. Другі фэстываль, наадварот, зрабіўся экспэрымэнтальнай пляцоўкай для музыкантаў старэйшай фармацыі і клюбам штогадовых сустрэч. Тут сапраўды, заўсёды добрая, гасьцінная аўра, якая спрыяе сяброўскім і творчым кантактам. Сюды хочацца вяртацца. Але, бракуе адной вельмі істотнай рэчы (і паўплываць на гэта фэстываль ня можа), а менавіта новых імёнаў. Калі на “Басовішчы” ёсьць інтрыга, бо сапраўды цікавых, вартых удзельнікаў шмат, то на “Бардаўскай” з гэтым праблема. Праблема паважная, бо сьведчыць пра тое, што ў цяперашнім беларускім моладзевым асяродку, музыка слова запатрабаваная меней, чым музыка наогул. Я, натуральна, кажу пра сваё бачаньне справы, але я таксама магу памыляцца, бо ёсьць прыемныя выключэньні, што маю думку абвяргаюць. Хочацца назваць ўсіх па імёнах, але у рамах тэмы гэтага артыкулу назаву толькі два прозьвішчы: Кабзар і Суліма. Галоўнае чаго ім у іхняй творчасьці не хапае, дык гэта ўпэўненасьці ў сябе і шыла ў дупе.

Такое шыла, было некалі ва ўсіх нас, і ў прыватнасьці ў заснавальнікаў ЗБМ. Мяне больш за ўсё, падчас першага знаёмства з’імі, прыемна ўразіў той шквал энэргіі, які ад іх сыходзіў. Калі яшчэ ўзяць пад увагу, што хлопцы былі ўсе “ня хілыя”, то можаце сабе ўявіць, якая гэта сіла. На Беласточчыне, папраўдзе, ўсе дужыя, гэта асабліва добра відаць, калі нехта прыяжджае да нас ў Менск. Аднойчы раніцою зайшоў я на пошту, што побач з маім домам, а было гэта рана, народу яшчэ не было. Бачу толькі, стаіць двух здаровых граміл з заплечнікамі. Адразу падумаў, што гэта натаўскія паршутысты, а як прыгледзіўся, то пазнаў Ігара з Хрыстафорам. Пры тым, што дома на Беласточчыне яны выглядаюць, нават на худаватых. Памятаю, таксама, як я патрапіў першы раз на Беласточчыну, на вышэйпамянёны лясны фэстываль. Хаджу, яшчэ нікога ня ведаю, яшчэ ня з кім не знаёмы, а раптам насустрач ідзе “сапраўдны кілер” адпаведных кілерскіх памераў, у камуфляжы, і з паголенай галавой. “Кілер” падышоў да століка, дзе прадаваліся касэты, строга агледзеў асартымэнт, і рушыў далей. “Што гэта было?” – запытаўся я у Касі Камоцкай. “Гэта Томсан” – адказала яна. Томсан быў, відаць, першым беларусам на Беласточчыне, з якім я, хаця б вось так, завочна пазнаёміўся. Але ён пра гэта ня ведае. Я пра гэта, таксама забыўся, але зараз, прыгадаў. І каб, нарэшце, скончыць гэтае антрапалягічнае адступленьне, хачу выказаць думку, што ў людзей на Беласточчыне больш, чым у нас тут, разьвітае самаадчуваньне гаспадара, такая, ведаеце, спакойная ўпэўненасьць і пачуцьцё ўласнай адказнасьці. Можа быць, таму, што большасьць людзей з вёсак, са сваёй зямлі, а тую зямлю ніхто не адбіраў і ў калгасы не заганяў, можа, таму што ходзяць ў царкву, а можа я памыляюся, і ўсё залежыць ад уласных асаблівасьцяў чалавека.

Каб ня ведаў я тых людзей, каго ведаю на Беласточчыне, то напэўна, і уражаньні мае былі б іншыя. І Беласток, і Бельск, і той жа Гарадок, былі б для мяне іншымі местамі, з іншай геаграфіяй, з іншай аўрай. Неяк, аднойчы, давялося мне дабірацца да Беластоку стопам. У машыне, што мяне падабрала яшчэ на Беларускім баку мяжы, ехалі звычайныя гарадзенскія чаўнакі, што зарабляюць на памежным гандлі. Езьдзяць у Беласток часта, а як высьветлілася, гораду ня ведаюць. Дакладней кажучы, ведаюць ня той горад, што ведаю я. А я абсалютна ня ведаю той Беласток, што ведаюць яны. Ў выніку, каб даехаць да аўтобуснага вакзалу, (бо мне трэба было далей, у Бельск) давялося пытацца дарогі ў людзей мясцовых. Што праўда, то мой Беласток, прыгажэйшы за іхні, мне пашанцавала. З іншага боку я ня ведаю, і не надта каб хацеў ведаць, ўсёй праўды пра Беласток. Пра ягоныя базары, спальныя раёны, і ўскраіны. Пакуль што, мне хапае веданьня адцінку ад вакзала да пачатку Ліповай, і адтуль да палацу Браніцкіх. Ўсё што мне трэба, знаходзіцца ўздоўж гэтай трасы. Ўсе мае сябры і знаёмыя працуюць альбо на самой Ліповай, альбо блізка ад яе. А гэта між іншым, сьведчыць аб неблагім статусе беластоцкіх беларусаў у цяперашняй гарадской супольнасьці. Яшчэ раз кажу, мне пашанцавала.

Трэба сказаць, што першая фаза знаёмства з Беластокам у мяне ўжо прайшла. Гэта значыцца, што ўсьлед за першым прыемным уражаньнем, пачаўся этап крытычнага стаўленьня. Гэта значыцца, што горад пакрысе робіцца для мяне ня чужым. І ўжо баліць ў мяне сэрца за далейшы лёс маляўнічага куточка пры вуліцах Млыновай і Кіёўскай, ужо раздражняе безсыстэмнасьць новай забудовы, ўжо зьдзіўляе безгустоўнасьць некаторых рэклямных шыльдаў. А што да вышэй памянёных вулак, і ўсёй прасторы, якая да іх прылягае, то на маю думку, ўся інтэлігенцыя гораду мусіць разам парупіцца, каб гэты куточак старога гораду захаваўся. Маю на ўвазе і польскія культурныя асяродкі, і беларускія, і жыдоўскія. Гэта агульная спадчына. Такая забудова, і такі непаўторны дух, уласьцівыя менавіта для гэтага рэгіёну, далей на захад, такога няма. Падобная забудова ёсьць на Віленшчыне, дзе апошнім часам, яна ўсё часьцей і часьцей уважаецца за гісторыка-культурную каштоўнасьць, ёсьць яшчэ троху засталося на захадзе Беларусі, але ў нас цяпер руйнуюць і больш каштоўныя аб’екты. А мы іх уратаваць ня можам.

Па праўдзе кажучы, Бельск падабаецца мне болей за Беласток. Хай не крыўдуюць на мяне беластаччане. Лепей заходзіць у горад з боку вакзалу, праз парк, мінаючы гарадзішча. Я ніколі ня быў у Бельску ўзімку, ўвёсну ніколі ня быў, і летам, таксама бываць не даводзілася. У маім Бельску заўсёды была восень. І заўсёды яна была бардаўскай. У Бельску я ўпершыню шмат з кім з тамтэйшых сяброў пазнаёміўся. З Ігарам Лукашуком, з Хрыстафорам, з Асеньнікам я пазнаёміўся ў Бельску. Нават, з Віцям Шалкевічам я пазнаёміўся, таксама, ў Бельску. Бельск, пасьля Менску і Беластоку, прыемна зьдзіўляе сваёй кампактнасьцю. Нават гарадзішча тут кампактнае. Такое, што без напругі можна абысьці яго наўкола, альбо падняцца па ягонаму адхону. Калі заходжу ў горад з боку вакзала, заўсёды з цікаўнасьцю гляджу, як гэтым разам, будзе дэкараваны першы дамок леваруч ад сьцежкі пры выйсьці з парку. Заўсёды ягоныя гаспадары прыдумваюць нешта новае. Яны, самі таго ня ведаючы, штогод, задаюць маштаб і настрой майму трохдзённаму спатканьню з Бельскам. Адразу за дамком, беларуская гімназія, дадае мне веры ў будучыню, насупраць мур, на паверхні якога, дзесяць гадоў таму, ішла вайна зняважальных графіці паміж вельмі маладымі беларусамі і вельмі маладымі палякамі. За мурам вежы нябесна-блакітнай царквы, наперадзе Бельскі дом культуры, далей ратуша, драўляная карчма і крамкі, і баракальны касьцёл , які замыкае пэрспэктыву вуліцы. Гэта тое,што ведаю я. Надзея Артымовіч ведае і можа сказаць пра Бельск, пра кожную ягоную дэталь, значна болей і ў тысячу разоў глыбей. І хаця, кожнага разу, яна сцьвярджае, што яе Бельску ўжо няма, я дазволю сабе не пагадзіцца, бо якраз Бельск спадарыні Надзеі, страчаны, асэнсаваны і перажыты, жыве і будзе жыць сваім жыцьцём ў яе паэзіі. Падобна, як жыцьме польскамоўны Бельск Ежы Плутовіча, альбо маляваны Бельск Алега Кабзара.

Я цяпер ужо забыўся, хто з беластоцкіх сяброў, упершыню паказаў мне вуліцу Млыновую, але ведаю дакладна, што адчуць прыгажосьць тутэйшага традыцыйнага краявіду, ягоных дэталяў, мне дапамагла фатаграфія Юркі Асеньніка. Яму дадзена знаходзіць прыгажосьць ў звычайным, а гэта дар, якім трэба дзяліцца. ягоная ранейшая зацікаўленасьць аб’ектамі традыцыйнага побыту, забудовы, і шырэй, традыцыйнага асяродзьдзя была вельмі своечасовая, бо традыцыя без эстэтычнага асэнсаваньня трывае толькі да пэўнага моманту. На маю думку, такі момант ужо надышоў, і калі нехта не аправіць гэтую традыцыю ў рамку, не давядзе, што гэта прыгожа, то традыцыя зьнікне. А мы, беларусы, шмат чаго са сваёй спадчыны ўжо згубіўшы, часам, робімся з-за гэтага самім сабе не цікавымі. Зрэшты, нашая нацыянальная адметнасьць, неабходная для самазахаваньня, ў першую чаргу, нам самім, насамрэч, цікавая і патрэбная ня толькі нам.

І ці ня гэта даводзіць Сакрат Яновіч сваёй творчасьцю, дасылаючы літаратурна- філасоўскія пасланьні са сваіх загадкавых Крынак у сьвет белы? Бо, сапраўды, адметнасьць Беласточчыны, яе прасторы, як этнічнага памежжа, як поля культурнага ўзаемаўплыву, па вялікім рахунку, мае значэньне аднолькава вялікае і для палякаў, і для беларусаў. Тое ж самае можна сказаць і пра польскую прысутнасьць на Беларусі, і пра фэномэн колішняй жыдоўскай культуры па абедзьва бакі цяперашняй мяжы, пра іншыя этнасы, якія фармавалі на працягу стагоддзяў тую супольнасьць, якой сёньня ёсьць Беласточчына. Якой яна будзе заўтра, ці захаваецца яе адметнасьць, шмат у чым залежыць ад таго, ведаем мы сваю культуру, і культуру сваіх суседзяў, ці не.

У зьвязку з гэтым, трэба сказаць, пра пераклады. Пра тую вялікую працу, якую ужо зрабілі і робяць надалей на гэтай ніве Алег Латышонак, Міраслава Лукша, Галіна і Ян Максімюкі, Аліна і Мікалай Ваўрэнюкі, Чэслаў Сенюх, Аляксандр Вяржбіцкі. Зноў-такі, трэба сказаць пра кнігі Сакрата Яновіча. Пра творчасьць Лёніка Тарасэвіча, і асобна, пра ягоную асобу. Пра той жа НРМ, які стаўся папулярным і сярод беларусаў і сярод палякаў, дарэчы, далёка за межамі Беласточчыны. Пра Багдана Дудку і ягоныя ”Карткі”, якія з розных бакоў дасьледуюць культурны фэномэн Беласточчыны, ў тым ліку і ягоны беларускі складнік, а таксама пра тыя літаратурныя і артыстычныя сустрэчы, якія ён ладзіў, запрашаючы да ўдзелу апроч палякаў і беларусаў, таксама ўкраінцаў і летувісаў.

І нарэшце, “Last, but not least” школа. Каб не было на Беласточчыне гэтых беларускіх школаў, то і чытаць гэты артыкул не было б каму. Да свайго сораму, ведаю асабіста толькі двух настаўнікаў: Андрэя Стэпанюка і Ігара Лукашука. Год таму, настаўнік Лукашук сказаў мне, неяк, між іншым, што быць беларусам на Беласточчыне, для людзей маладзейшых, робіцца нармальным станам. Ім ужо ня трэба, ані тлумачыць гэткі выбар, ані даказваць сваё права на такі выбар. Проста так ёсьць, і ўсё. Адказ на пытаньне “хто мы?” ўжо маем. Мяне гэта цешыць. На Беларусі, здаецца, падобная сытуацыя, а значыцца, высілкі, якія мы прыкладалі на тое, каб даказваць дурням, што мы насамрэч ёсьць, можна скіраваць на больш важныя патрэбы. Ну, напрыклад, адказаць на наступнае пытаньне: “адкуль мы і куды ідзем?”

Міхал Анемпадыстаў