Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Кароткі нарыс гісторыі вёскі Чыжы

Вёска Чыжы, размешчаная паміж Гайнаўкай і Бельскам Падляшскім, з якім, як з рэгіянальным цэнтрам, была звязана ад пачатку свайго існавання. Вёска заснавана была толькі на пачатку XVI ст. , а першыя пісьмовыя звесткі пра вёску адносяцца да 1529 г. З самага заснавання вёска была каралеўскай, але непасрэдна была падпарадкавана бельскаму лясніцтву, што ўплывала на характар абавязкаў яе жыхароў - вёску засялялі каралеўскія стральцы і асочнікі. Стральцы павінны былі па загаду караля ісці на вайсковую службу, апрача таго займаліся паляваннем у недалёкай тады пушчы. Пра гэта сведчыць дакумент караля Зыгмунта Аўгуста з 1563 г., фрагмент якога, як знакаміты прыклад старабеларускай мовы, ніжэй прыводзіцца намі.

„Сигмунт Аугуст з Божой милости Король Польски Велики Князь Литовски Руски Пруски и иншых ко всем подданым нашым волости Бельской села Чыжэвич иж ку теперешней потребе нашой господарской военной стрельцов потребуем, тоды обрали есмо ку службе стрелецкой вас падданых нашых волок сорока которых волок мает выправити а за вядомостю лесничаго Белского Хрыстофа Трояновского на час и мейсца назначоное Стрельцов двайчаць послати а за то воно з тых в нех волок сорока чинш и иншые падатки, которы есте на нашого господара давати были повинны одпускаем и на перед во всем вам яко иншы же стрельцы нашы в Великом Княстве Литивском постановленны заховати хочем вы бы о том ведали службе нашой стрелецкой з двох волок по одному стрельцу то ест 40 стрельцов... ”

Павіннасці жыхароў Чыжоў не меняліся і ў наступныя стагодздзі, доказам чаго сведчаць наступныя гістарычныя дакументы:

„...W teyże wsi (Чыжах) między temisz 62 włokami, z których osocznicy trzymają włok 20, na strzelców należy włok 40, których powinność taka iako się przy wsi Dawidowiczach opisała...” - „...nie inszą powinność powinni jedno służyć służbę iako Strzelcy przy osobie K.J.Msci to jest gdyby J.K.Mść. osobą swoyą na woynę ciągną, tedy przy działach iść powinni, a okrom wyprawy woienney powinni bydź w pogotowiu zawżdy z kuszami do Puszczy dla łowu. Wyzwoleni od wszelkich czynszów, poborów y inszych kontrybucji y ciężarów....”

люстрацыйны дакумент з 1664 г.

„...włościanie z wsi Czyżów w woj. Podlaskim Leśnictwa Bielskiego leżącej delegowanie, dopełniając dekret Sądów Relacyjnych w r. 1680 nakazujący im na każdą wyprawę, na którą by królowie Polscy osobą swoją królewską wychodzili, ludzi 20 dobrze umundurowanych do strzelców do artylerii dostawić. Udawszy się do Prześwietnej Komisji Wojskowej z oświadczeniem ofiary swojej, rezolucję tejże Prześwietnej Komisji pod dniem 25 czerwca przeznaczającą pomienionych ludzi do strzelców Ekonomicznych Białowieskich zyskali, i stosownie do tejże rezolucji wieś Czyżów ludzi dwudziestu (...) do korpusu pomienionego strzelców dostawiła....”

пацвярджэнне Станіслава Патоцкага выдадзенае ў 1792г. жыхарам Чыжоў аб дастаўцы 20 стральцоў у Белавежскую Эканомію

Што датычыцца велічыні вёскі і колькасці яе жыхароў, то вядома, што ўжо ў 1560г. яна была размешчана на 62 валоках зямлі, і гэтак было да 1664г., аб чым сведчыць раней прыведзены люстрацыйны дакумент. На аснове пратакола з рэвізіі Чыжоўскага прыхода з 1775 г. можна сцвярджаць, што на гэты час у Чыжах было 200 хат, у якіх пражывала 764 асобы. Пятнаццаць гадоў пасля колькасць двароў павялічылася на 14. У XIX ст. вёска заняпала і збяднела, што ўскосна паказвае колькасць двароў і жыхароў: у 1903 г. існавалв 115двароў, у якіх пражывала 995 сялян. У 1915 годзе жыхары Чыжоў, як амаль што ўсе праваслаўныя жыхары навакольных беларускіх земляў, у сувязі з наступленнем кайзэраўскіх войск, падаліся ў бежанства ў глыб Расійскай імперыі. З бежанста вярталіся пераважна ў 1918 - 1921 гадах. У трыццатых гадах, як падаюць „Клировые Ведомости”, да чыжоўскага прыходу належала 1090 жыхароў в. Чыжы, што павінна супадаць з агульнай колькасцю жыхароў вёскі (аўтахтоннае насельніцтва ад пачатку існавання вёскі было праваслаўнага веравызнання). Пасля II Сусветнай вайны в.Чыжы сталася гмінным цэнтрам, што спрыяла буйнаму развіццю вёскі. На жаль, у апошнія дзесяцігоддзі вёска „старэе” - маладыя людзі масава выязджаюць з вескі ў гарады на працу ці вучобу, пакідаючы за сабою культурную спадчыну і родную гаворку. На сённяшні дзень у вёсцы Чыжы пражывае 430 жыхароў, пераважна ў сталым узросце.

Гаворачы пра гісторыю в.Чыжы, трэба сказаць пра царкву, якая ў 1984 згарэла, а да гэтага моманту была адным з найстарэйшых на Беласточчыне помнікам драўлянай сакральнай архітэктуры. Сенсацыйным было адкрыццё археолагамі фрэскаў з XVII ст., якія адзначаліся вялікім майстэрствам выканання. На жаль, яны згарэлі разам з большай часткай царкоўнага абсталявання.

Ігар Лукашук