Aktualny język artykułu: BE

Ёсьць пэрспэктывы на даволі прыгожы дом

размова з праф. Яўгенам Мірановічам супрацоўнікам Катэдры Беларускай Культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку

У якіх палітычных умовах даходзіць да развалу Савецкага Саюзу?

праф. Я. Мірановіч: Распад Савецкага Саюзу наступіў крыху раней, чым у Белавескай Пушчы было падпісанае гэтае пагадненьне паміж Шушкевічам, Краўчуком і Ельцынам. А разваліўся ён, безумоўна, па эканамічных прычынах. Доўгая вайна ў Афганістане, якая ангажавала вельмі сур'ёзныя сродкі савецкага буджэту, так вычарпала сілы гэтай вялікай краіны, што Савецкі Саюз ня быў у сілах фінансаваць іншыя інвэстыцыі ў прамысловасьці ці, скажам, заспакоіць патрэбы грамадзтва.

У самым Савецкім Саюзе, у паасобных рэспубліках нарастала хваля незадаволенасьці, апазыцыйныя, дысыдэнцкія рухі ўжо амаль зусім не кантраляваліся. Хаця ў гэтай дзяржаве было некалькі дзясяткаў мільёнаў супрацоўнікаў спэцслужбаў, але гэта – у сытуацыі, калі ўсе пачыналі гаварыць, што ёсьць дрэнна – ужо нічога не дапамагала, нельга было ўжо гэта ўсё трымаць пад кантролем.

Чарговай прычынай, зьвязанай з эканомікай, было падзеньне цэнаў нафты, галоўнай сыравіны, якую экспартаваў Савецкі Саюз. Тады цану нафты, як мне здаецца, дзякуючы дамоўленасьці паміж Амэрыкай і арабскімі краінамі, панізілі на 50%. У такой сытуацыі буджэт Савецкага Саюзу на 19881989 гады стаў проста неактуальным. Не хапала ў ім паловы сродкаў, каб пакрыць усе плянаваныя выдаткі.

Таму менавіта за тым пачалі ісьці і палітычныя вырашэньні. Упершыню ў партыйнае кіраўніцтва паклікалі маладога чалавека – Міхаіла Гарбачова, якому тады было амаль 60 гадоў, але ў гэтым акружэньні сапраўды быў ён самым маладым палітыкам. Большасьць савецкага кіраўніцтва гэта былі людзі недзе пад 70. Я не хачу пакрыўдзіць так пажылых людзей, але ў гэтым узросьце няшмат ужо новых ідэяў можна прыдумаць. Можна хадзіць па вытаптаных сьцяжынках, але новых шляхоў у такім узросьце ўжо не адкрыецца. Там проста патрэбныя былі новыя людзі.

Аказалася, што сам Міхаіл Гарбачоў ня меў ніякай канцэпцыі, каб спалучыць выратаваньне з палітычнага крызысу, які набліжаўся, і эканамічнага. Тым ня меш пайшоў ён наперад. Каб пазьбегнуць нейкага некантраляванага бунту, дазволіў ліквідаваць цэнзуру, што азначала ўвядзеньне свабоды слова. Гэта, вядома, мела паспрыяць таму, каб нейк нэйтральным чынам адплыла злосьць людзей на пануючы эканамічны заняпад. Аднак ад таго, што людзі пачалі гаварыць, зусім не палепшылася эканамічная сытуацыя, а янаж была галоўнай прычынай усялякіх незадавальненьняў.

Пасьля абвяшчэньня свабоды слова партыйны апарат і паліцыя не маглі кантраляваць грамадзтва, і таму ўсё пайшло рухам даміно ці лявіны – усё валілася адно за другім.

Пакліканьне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў гэта была спроба затрыманьня лявіны. Тады ўжо ўтрыманьне Савецкага Саюзу было немагчымае. Усе суб’екты, якія ўваходзілі ў склад імпэрыі, уключна з Расейскай Фэдэрацыяй, аб’явілі незалежнасьць. Значыць – не было ўжо рэспублікаў, якія былі ў Савецкім Саюзе. Гэтая імпэрыя, калі яе ліквідавалі ў Белавескай Пушчы, de facto й de iure ўжо не існавала. Проста, усе рэспублікі на гэты час былі ўжо незалежнымі.

Паклікаючы СНД, прэзыдэнты Беларусі, Расеі й Украіны хацелі затрымаць рэгрэс. А гэты рэгрэс быў вельмі небясьпечны для ўсіх былых рэспублікаў Савецкага Саюзу, асабліва – для вялікіх, такіх як Расея ці Ўкраіна, гаспадаркі якіх былі цесна зьвязаныя між сабою. Можа менш небясьпечны быў ён для Беларусі, але нават і Беларусь да рэспублікаў былога Савецкага Саюзу экспартавала 85% сваёй прадукцыі. Парваньне такіх сувязяў мусіла закончыцца так, як закончылася – эканамічным правалам. Штогод валавы прадукт паменшваўся нават на 20%. Посьпехам было толькі 14працэнтнае зьмяншэньне валавога прадукту, бадай, у 1993 г. У маштабах Расеі гэта выглядала яшчэ больш трагічна.

Таму за тым ішлі ўсе грамадзкія й палітычныя паталёгіі, якія раптам зьявіліся. Проста, сярод палітычных элітаў не было ніякай канцэпцыі, што далей рабіць. Ніхто ня ведаў – ні ў Расеі, ні на Ўкраіне. Ну, вядома, ведалі ўсялякія жулікі й махляры, якія вельмі хутка прысвоілі дзяржаўную маёмасьць. І раптам у краінах, у якіх усе зараблялі па 100 рублёў у месяц, зьявіліся багацеі, якія куплялі вілы з басэйнамі на Міжземным Моры ці ў Каліфорніі, езьдзілі па ўсім сьвеце й мелі мільярды даляраў на прыватных рахунках. Гэтаж не магло адбыцца сумленным чынам.

У Прыбалтыцы, дзе гэты працэс праходзіў пад большым кантролем, дзе хутчэй узьніклі палітычныя партыі й арганізацыі, так дзікай прыватызацыі не было. Там з прыватызацыі скарыстала 30% грамадзтва. У сваю чаргу ў Расеі ці на Ўкраіне на гэтых пераменах скарыстала ня больш чым 3%... Большасьць пацярпела.

У Беларусі спачатку гэты працэс праходзіў падобным чынам, як у Расеі. Аднак Беларусь была нашмат бяднейшай краінай. А палітычныя эліты, якія прыйшлі да ўлады, гэта былі тыяж самыя камуністычныя эліты й прытрымліваліся яны прынцыпаў сацыялістычнай эканомікі. Прыватызацыя ў Беларусі толькі што пачыналася. Таму, калі ў Расеі ўсялякія махляры хапалі дзяржаўную маёмасьць без аніякіх абмежаваньняў, у Беларусі гэта ўсё адбывалася даволі спакойна й стрымана, і да таго часу, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, прыватызавана было недзе пад 15% дзяржаўнай маёмасьці. Значыць, асноўныя галіны эканомікі былі дзяржаўнымі.

У сваю чаргу тое, што адбываецца ў Беларусі сёньня, цяжка ацаніць. Афіцыйна гаворыцца, што надалей у гэтай краіне дамінуе дзяржаўная ўласнасьць. Але апазыцыйная незалежная прэса піша, што сытуацыя выглядае зусім падругому, што людзі з акружэньня прэзыдэнта Лукашэнкі йдуць шляхам, які прайшлі расейскія эліты на пачатку 90х гадоў.

Ці ўводзячы галоснасьць і перабудову Гарбачоў не прадугледзеў далейшых падзеяў, ці ўжо тады хацеў ён давесьці да развалу гэтай імпэрыі?

Расейскія палітолягі, сацыёлягі й гісторыкі адназначна на гэтае пытаньне не адказалі.

Ёсьць даволі сур’ёзная група палітолягаў, якая сьцьвярджае, што сытуацыя ўцякла зпад кантролю Гарбачова й ягонага акружэньня, і тое, што пазьней здарылася, было супраць волі партыйнага кіраўніцтва й спэцслужбаў. Але ёсьць таксама група дасьледчыкаў, якія – прыводзячы на гэта доказы – лічаць, што ўвесь гэты працэс быў поўнасьцю заплянаваны. Гэтая другая група зьяўляецца меншасьцю сярод расейскіх палітолягаў, сацыёлягаў, гісторыкаў. Аднак прадстаўляюць яны шмат абгрунтаваных высноваў у публічнай дыскусіі, гаворачы, што людзі з элітаў улады заплянавалі такі ход падзеяў, таму што яны найбольш на гэтым скарысталі. Менавіта, партыйны апарат ці апарат спэцслужбаў стаў адным з удзельнікаў падзелу дзяржаўнай маёмасьці. Былі гэта людзі можа не з самага Цэнтральнага Камітэту, бо гэтыя былі ўжо непрыгодныя з увагі на свой узрост, але тыя, якія рыхтаваліся іх заступіць у элітах улады. Атрымалі яны добрую адукацыю ў сябе, а таксама мелі магчымасьць вучыцца паза межамі Савецкага Саюзу. Скажам, Беразоўскі не прыйшоўжа з калгасу, бо ніколі там не працаваў. Ён быў блізка элітаў улады. А такіх як ён было шмат.

Што на практыцы азначала падпісаньне пагадненьня ў Віскулях?

На практыцы гэта мела дапамагчы ў захаваньні эканамічных сувязяў паміж Беларусяй, Расеяй і Ўкраінай. Пасьля, мяркуючы, што справа тут толькі ў эканамічных сувязях, далучыліся да гэтай Садружнасьці таксама іншыя краіны, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі, у якіх эканамічны правал адбыўся яшчэ хутчэй, чым у гэтых славянскіх дзяржавах. Я маю тут на думцы закаўкаскія й азіяцкія рэспублікі. Для іх часта далучэньне да СНД было формай пошукаў уласнай бяспекі, з увагі на тое, што апынуліся яны бяз арміі, бяз зброі, а дзесьці там на поўдні, на мяжы Афганістану, ці іншых краінаў Цэнтральнай Азіі бушавалі розныя ўзброеныя групы, якія ў сапраўднасьці, маючы некалькі тысячаў жаўнераў, магліб разагнаць усю ўладу ў Таджыкістане ці ва Ўзбэкістане. Таму партыйныя эліты гэтых рэспублікаў разглядаліся за саюзьнікам і гэтага саюзьніка знайшлі ў Расеі й далучаліся да СНД па палітычных прычынах.

З часам на сходах найвышэйшых уладаў Садружнасьці нараджаліся розныя думкі, каб замацоўваць палітычнае ці нават вайсковае супрацоўніцтва. Падпісвалася, зразумела, шмат адпаведных дамоваў. Але, як чуем, ніводная з гэтых вайсковых дамоваў не ажыцьцяўляецца. Прычына тут адна – улады такіх краінаў, як Грузія ці Ўкраіна ня надта давяраюць найбольшаму саюзьніку, якім зьяўляецца Расея. Баяцца, што можа вярнуцца такая залежнасьць, якая была ў гады Савецкага Саюзу. Таму менавіта падыходзяць да гэтага вельмі стрымана й асьцярожна. А ў такой арганізяцыі недахоп даверу абазначае, што на практыцы немагчыма ажыцьцявіць аніякіх палітычных мэтаў.

Аднак я сказаўбы яшчэ, што апрача эканамічнага супрацоўніцтва, якое зьяўляецца проста неабходным у гэтай частцы Эўропы й Азіі, таксама неабходным зьяўляецца змаганьне з рознага тыпу крымінальнымі групоўкамі. На хвалі гэтых пераменаў амаль у кожнай постсавецкай рэспубліцы ўзьніклі мафіі. У Расеі, на Ўкраіне, у меншай ступені ў Беларусі, мафіі кантралююць фінансы дзяржавы, кантралююць вялікую частку гаспадаркі дзяржавы. І тут без супрацоўніцтва паміж спэцслужбамі розных краінаў СНД, немагчыма змагацца са зьявай сарганізаванай злачыннасьці. А калі ня ўдасца ліквідаваць мафіі ў гэтых краінах, немагчыма будзе наладзіць супрацоўніцтва з краінамі г. зв. Захаду. Там патрабуюць чыстых грошай, а тут мы бачым скандал за скандалам – даведваемся, што той міністар быў зьвязаны з мафіяй, той банкір быў зьвязаны з мафіяй. Па гэтай менавіта прычыне гандлёвы абмен ці эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі Захаду будзе тармазіцца. Асабліва пасьля 11га верасьня, калі нейкая арабская тэрарыстычная група разбурыла парадак у Амэрыцы, Захад будзе вельмі асьцярожна глядзець на ўсялякія сродкі, якія прыходзяць і выходзяць з тамашніх банкаў. І, праўдападобна, будзе патрабаваць ад сваіх партнэраў з Садружнасьці кантролю за фінансамі ў сваіх краінах.

З пэрспэктывы 10 гадоў, Беларусь на развале Савецкага Саюзу больш скарыстала, ці больш страціла?

Нягледзячы на тое, што пішацца і што гаворыцца пра Беларусь, што Лукашэнка стварыў там таталітарную сыстэму ці аўтарытарны рэжым, сытуацыя Беларусі ніколі ў гісторыі не была лепшай, чым ёсьць цяпер. Існуе проста краіна, якая называецца Беларусь, яна прызнаная амаль усімі дзяржавамі сьвету, ніхто не сумняецца, што такая краіна існуе, афіцыйна ніхто ня хоча ліквідацыі гэтай краіны. Ёсьць свой прэзыдэнт, ёсьць улады, ёсьць парлямэнт. Гэта няважна, што згаданыя ўлады прызнаюцца недэмакратычнымі, што яны часта бываюць антыбеларускімі, усёж такі зь юрыдычнага пункту гледжаньня Беларусь існуе як палітычны суб’ект. Такой сытуацыі ніколі раней не было ў гісторыі, за выключэньнем, скажам, пэрыяду Полацкай Дзяржавы. Пазьней былі ўсялякія ўтварэньні, у якіх Беларусь была часткай Вялікага Княства Літоўскага, якое ахоплівала амаль усе краіны Прыбалтыкі, Украіну, частку Расеі, Беларусь і частку Польшчы. Пазьней была Рэчпаспалітая, якую – па характары культуры й палітычных уплываў – можна акрэсьліць польскай дзяржавай. Хаця ў беларускай гістарыяграфіі пішацца, што была гэта беларуская дзяржава, я не знаходжу прыкметаў, каб так менавіта асэнсоўваць.

Былаж і Руская Імпэрыя, дзе ўвогуле мовы не было пра ніякую беларускую дзяржаўнасьць. Ну й тойжа Савецкі Саюз... Была, праўда, нейкая адміністрацыйная адзінка, названая Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, куды прысылаліся ўлады з Масквы, дзе не было – я сказаўбы – нават спробы станаўленьня ўлады мясцовым грамадзтвам.

Цяпер, усёж такі, і гэты парлямэнт, і гэтагаж прэзыдэнта так ці інакш выбіралі грамадзяне. Ці яны добра выбралі, ці дрэнна – гэта ўжо другая справа. Але крыніца ўлады, прынамсі тэарэтычна, але таксама і ў сапраўднасьці, выйшла ад мясцовага люду. Ізноў – якая яна ёсьць гэтая ўлада – гэта іншая справа, але крыніца ўлады знаходзіцца ў руках народу. І гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь фармальна зьяўляецца нармальнай эўрапэйскай краінай.

Хопіць толькі ў гэтым эўрапэйскім доме, які называецца Беларусь, упарадкаваць унутраныя справы, і я думаю, што ёсьць пэрспэктывы на даволі прыгожы дом.

Размаўляў Яраслаў Іванюк