Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Фальклор Усходняй Беласточчыны

Беласточчына як геаграфiчна-адмiнiстрацыйны рэгiён сфармiравалася ў ХVIII-пачатку ХIХ стагоддзя. Да гэтага Беласток быў лакальнага значэння цэнтрам зямельных маёмасцяў. Толькi з часоў Яна Клеменса Бранiцкага ён становiцца гарадскiм цэнтрам, а заснаваны тут палац – адною з прыгажэйшых будоўляў гэтай часткi Еўропы. Пасля трэцяга падзелу Рэчыпаспалiтай Беласток стае адмiнiстрацыйным цэнтрам новазаснаванай Беластоцкай вобласцi ў рамках Новаўсходняй Прусii. Вобласць перастала iснаваць з 1843 г., калi гэтая тэрыторыя была ўключана ў Гродзенскую губерню.

Тэрмiн Усходняя Беласточчына можам разглядаць з аднаго боку геаграфiчна, з другога культурна, з увагi на характар насельнiцтва. Усходнюю Беласточчыну, гэта значыць сённяшнi ўвесь павет гайнаўскi ды ўсходнiя часткi бельскага, семятыцкага, беластоцкага ды сакольскага ў большасцi насяляюць беларусы. Стан захавання iх народнай культуры розны, залежна ад рэгiёну. Найлепш гэта выглядае ў павеце гайнаўскiм, наслабей – сакольскiм. Гэта дарэчы мае свае адлюстраванне ў самасвядомасцi жыхароў, чаго доказам вынiкi апошняга агульнага перапiсу насельнiцтва. У нашым матэрыяле хочам запрэзэнтаваць найстарэйшыя, вядомыя апiсаннi фальклору разглядаемай тэрыторыi. Шмат з гэтага захавалася да сёння, некаторыя аднак забылiся назусiм.

Першым, вядомым фальклорным запiсам з усходняй Беласточчыны з’яўляецца фрагмент песнi пра тура, запiсанай к. 1820 г. Зарыянам Далэнгаю-Хадакоўскiм, адным з пачынальнiкаў сусветнай славiстыкi. Песня з пачатковымi славамi Унадiвся гнедый тур в рокiтнiк, наважылося два ловчыкi на ёго... была запiсаная ў Райску к. Бельска. У гэты ўжо час сваю навуковую дзейнасць пачынаў праф. Язэп Ярашэвiч, народжаны ў Бельску выдатны гiсторык i даследчык культуры Падляшша i Вялiкага Княства Лiтоўскага. Апрача трохтомнай, фундаментальнай працы “Obraz Litwy...” з’яўляецца ён аўтарам шматлiкiх артыкулаў, друкаваных у тагачаснай перыёдыцы. Некаторыя з iх тычацца фальклору Падляшша. У адным з iх пад загалоўкам: “Wiadomości o kupalnicach na Podlasiu” (1846 г.) прафесар разважае пра iснаванне абраду купалля ў Кляшчэлях i наваколлi. Звяртае ўвагу на тое, што некалi ён тут iснаваў, але ўжо даўно забыты. Збераглiся затое iншыя абрады, звязаныя з вялiкодным перыядам, менавiта абрад рагулькi.

Абрад спраўлялiлi на працягу тыдня ад Вялiкадня да правадной нядзелi. Дзяўчаты або маладыя замужнiя жанчыны збiралiся для гэтага за сялом, на пяшчаных узгорках. Там бралiся за рукi, тварыўшы круг, якi звалi город. Спасярод сябе выбiралi адны дзяўчыну, якую называлi рогулькою. Ходзячы ўкруг спявалi розныя песнi, прыкладна:


Ой, мiла Рагулько,
Встань барзо ранюлько –
Ой, моя мiла Рагулько –
Пуойды, пуойды по воду ранэнько,
Умый, умый бiлое лiчэнько,
Вложы бiлою кошуленьку,
Наволочы рожовую суконьку,
Наложы пачошкi новы,
Обуй черевiчкi понсовы,
Торговы фартушок прыпашы,
Русую косу зачэшы,
Пуойды з панною в танок,
О моя мiла Рагулько.
У час ваджэння такога хараводу, рогулька па чарзе брала з кругу дзяўчыну i пры гэтым спявалiся песнi, характэрныя толькi для таго абраду. Адна з iх да сёння спяваецца ў вёсцы Дабрывада каля Клiшчэль: Пуд малiною, пуд зэлёною...

Яшчэ пры жыццi прафесара Ярашэвiча, у 1854 г. на свет паказаўся вельмi цiкавы матэрыял пад загалоўкам “Podlasie ruskie”, якога аўтар падпiсаўся псеўданiмам Podlasiak (A. P.... łowicz z okolic m. Narwi). Знойдзем тут першае, вядомае апiсанне вяселля, хрысцiн, паховiнаў ды iншых урачыстасцяў. Абрад вяселля папярэджвалi сваты. Малады – молодэць ехаў са сваiм маршалкам да бацькоў спадабанай дзяўчыны, каб дамаўляцца пра пасаг. Тут адбываўся своеасаблiвы торг, якi пачынаўся славамi: Подубно вы маетэ тэлушку до продажы (тэлушка гэта дзяўчына). Калi маладая i бацькi былi згодныя на шлюб, тут жа дамаўлялiся аб вяселлi. Тыдзень да яго маладая, на галаве прыбраная стужкамi, разам са сваёю дружкою iшла па вёсцы прасiць на вяселле. Пры гэтым дзяўчына запрашала ўсiх без вынятку, нават прыпадкова сустрэтых на вулiцы.

З апiсання вяселля з-пад Нарвы даведваемся пра абрад каравая, якi праходзiў у давясельную суботу. У хаце маладой збiралiся замужнiя i панны ды пяклi вялiкае, пшанiчнае цеста, зверху аздобленае малымi формамi, таксама з цеста. Пры гэтым спявалiся спецыяльныя песнi. У сам дзень вяселля, перад выездам да шлюбу ў царкву, малады прыяжджаў да маладой i яны разам пакланялiся бацькам, цалуючы iх ногi. Пасля тры разы iшлi кругом стала, якi стаяў пасярод хаты; пакланялiся пры гэтым на ўсе чатыры стораны свету ды ў бок iконаў на покуцi. Пасля шлюбу вяселле падавалася да дому маладой, дзе ўрачыстасцi прадаўжалiся найменш тры дня. Аўтар не адводзiць аднак увагi падрабязнаму апiсанню абрадаў з гэтым звязаных.

Пра хрысцiны аўтар апiсання практычна не пiша, звяртае толькi ўвагу на адведкi, на якiя iдуць да мацеры з уласнымi стравамi. Сярод кароткiх апiсанняў святочных абрадаў, аўтар звяртае асаблiвую ўвагу на ўрачыстую вячэру напярэдаднi свята Пакровы Багародзiцы (14 кастрычнiка). На гэтую своеасаблiвую каляду збiралася ўся сям’я. У покуцi запальвалася грамiчная свечка, на стале стаялi мясныя стравы. На пачатку гаспадар вылiваў крыху гарэлкi пад стол, тое ж самае сiмвалiчна рабiў i са страваю. Гэты абрад быў звязаны з ўспамiнаннем продкаў; маем дачыненне з дзядамi.

У параўнаннi з абрадамi, аўтар апiсання больш увагi адводзiць спеву i музыцы. Падкрэслiвае ён вялiкую музыкальнасць падляшскiх беларусаў. Як пiша, тут кожны ад калыскi жыве сярод песняў, вучыцца песень, умее спяваць i спявае. Пры гэтым слушна звяртае ўвагу на прымеркаванне дадзеных песень да пары году. Прыкладна, песня веснавая не магла нiколi спявацца летам i наадварот. Паводле аўтара, рэдка хто не быў тут музыкальны. Гэтаму спрыяла паўсюднае слуханне песень з дзяцiнства ды самая прырода. Распаложаныя непадалёк сябе вёскi ўзаемна пераспеўвалiся. Лясы i пералескi адбiвалi гукi песень. Аўтар пiша пра гэта:
Jak w lesie nie hukać i śpiewać, kiedy echo tak wiernie powtarza każdy odcień twojego głosu? Przysłuchasz mu się jakby czyjemuś obcemu i chętk cię bierze coraz więcej iść z nim w zawody. A jeśli jeszcze kto odśpiewa naprawdę w oddali, zawiązuje się walka śpiewna, pobudzająca do coraz większej ochoty. Jak-bo to echo gra w lesie cichym wieczorem lub rankiem, jakże zachęca do śpiewu. I dziwić się, że Podlasianie są takim narodem śpiewnym!

Аўтар апiсання пiша таксама пра музыкальныя iнструменты, сярод якiх найбольш папулярная была свiсцёлка. Рабiлася яна з вярхушкi маладой сасонкi i мела шэсць дыркаў. На iх маглi вiртуозна граць розныя простыя мелодыi. Гралi таксама на скрыпках уласнай работы. Апiсваецца таксама характэрны падляшам танец:

Staje tyle par ile ich jest i chodzą one w koło jedna za drugą; kobiety zawsze na zewnątrz kręgu, w którą kolwiek idą stronę, od lewego do prawego czy przeciwnie. Pierwsza para ująwszy się jak do walca, tańczy pośrodku na miejscu, kręcąc się i podskakując do taktu. Gdy się natańczy, idzie na tył, a następna para wychodzi na środek i tym trybem trwa taniec dopóki gra muzyka. Rytm muzyki tych tańców podobny jest do rytmu kozaka. Tańczą także walce, niekiedy parobczaki kozaka.

Напачатку другой палавiны ХIХ ст. даследванне народнага фальклору ў Гродзенскай губерню, у тым лiку i Беласточчыне набiране больш планавага, навуковага характару. У гэта ангажуюцца асаблiва Iмператарскае рускае геаграфiчнае таварыства, якое ў 1863 г. звяртаецца да Лiтоўскай духоўнай кансiсторыi з просьбай, каб вылучаныя прыхадскiя свяшчэннiкi з этнаграфiчнага боку апiсалi свой прыход або павет. Пры гэтым дасылалася спецыяльная дапаможная iнструкцыя, патрэбная пры зборы iнфармацыяў. Апiсанне быту сялян бельскага павета даручана было а. Келесцiну Брэну, настаяцелю прыхода ў Старым Корнiне. Апiсанне шчаслiва захавалася да сёння ў фондах Архiва Геаграфiчнага Таварыства ў Пецярбру.

Апiсанне падзелена на шэсць раздзелаў, у якiх апiсваецца вонкавы выгляд, мова, дамашнi быт, асаблiвасцi грамадскага быту, разумовыя здольнасцi, маральныя якасцi i адукацыя, народны паданнi i помнiкi. Вялiкую каштоўнасць прадстаўляюць сабою запiсы 38 песень, у тым лiку 14 вясельных, 24 загадкi, 15 прымавак ды дзве казкi. Ёсць таксама некалькi малюнкаў адзення, рыбацкiх прыладаў i будынкаў з планамi. Нас найбольш цiкавiць фальклорны, нематэрыяльны бок апiсання.

Пiшучы пра хрышчэнне а. Келесцiн Брэн адзначае, што асаблiвых звычаяў з гэтым звязаных не захавалася. Уступленне ў даросласць таксама не адзначалася нiякiмi абрадамi i звычаямi. Тады, калi хлопец дасягне сталасцi, бацькi пачыналi клапацiцца аб тым, каб мужэватi сына. Ужо ад сватання, якое называлася дiвоснубы i ў час вяселля ёсць шэраг звычаяў i абрадаў.

Памiнкi памёрлых называлiся хавтуры. Пры агульных памiнках ўсiх памёршых праваслаўных хрысцiян, што праводзяцца царквою некалькi разоў у год, званых помiнальны суботы, сяляне рыхтуюць абедзенныя сталы, на якiя асаблiва запрашаюць жабракоў. З пазнейшых крынiц даведваемся, што жабракi былi заўсёды чаканымi гасьцьмi ў доме. У iх асавблiва прасiлi малiтвы за памёрлых – дзедаў.

Напярэданi Ражджаства Хрыстова i Вадахрышча сяляне рыхтавалi сталы, якiх галоўнай стравай была кутя i кiсель (на Вадахрышча толькi куцця). Абед елi вечарам i называлi яго калядою. Сярод iншых цiкавых звычаяў аўтар апiсвае гзв. жыльнiковане, якое было пашыранае сярод замужнiх жанчын i ўдавiц. Жыльнiковане гэта суровы пост, якi прадаўжаўся з вечара ў Вялiкi Чацвер да Вялiкадня. Праз гэты час нiчога не елi i не пiлi. Гэты высокародны, праваслаўны звычай захаваўся да сёння, асаблiва ў прыходзе Стары Корнiн, дзе некалi служыў а. Келесцiн Брэн.

Наступны абрад, якога апiсанне даецца ў працы гэта дажынкi. Гэта звычайна бывала наступным чынам: пасля таго, як зжалi апошнi загон жыта, дзяўчаты рабiлi вянок са збожжа з дадаткам палявых цi гароднiх кветак. Пакiдалася крыху незжатага жыта, што збiралася i перавязвалася пад каласамi ды прыбiралася кветкамi – гэта называлася пэрэпэлiця. Пасля работнiкi iшлi з вянком дадому гаспадара, спяваючы песнi. Удома гаспадар iх частаваў. Звычай лапаня пэрэпэлiцi шмат дзе яшчэ жывы.

Да нашага часу датрываў таксама апiсаны а. Келесцiнам абрад абходаў палёў. Як i цяпер у многiх прыходах, так i ў палавiне ХIХ ст., у вызначаны дзень, адбывалася ў царкве лiтургiя, пасля заканчэння якой, з iконамi i харугвамi, сяляне выходзiлi са свяшчэннiкам на свае засеяныя палi. Насупраць свайго надзелу кожны гаспадар са сваёй сям’ёй становiцца на каленi, а свяшчэннiк чытае евангелле над iх галовамi. Пасля заканчэння крэснага ходу вакол палёў, ён накiроўваецца ў вёску, дзе перад кожным домам, на пастаўленым з гэтай нагоды стале з хлебам, паўтараецца свяшчэннiкам тое ж Евангелле. У канцы крэснага ходу сельскiя пастухi зганяюць у адно месца свойскую жывёлу, якую пасля прачытання малiтвы аб яе ахове, свяшчэннiк кропiць святою вадою. Пасля гэтага крэсны ход вяртаецца ў царкву, а людзi адтуль iдуць да самага заможнага гаспадара на пачастунак, якi рыхтуюць у складчыну.

Паводле апiсання, да народных увесяленняў залiчалiся вэчэркi i огулькi. Першыя ладзiлiся ў час святак ад Каляд да Вадахрышча ўключна. Маладыя мужчыны i дзяўчаты збiралiся ў хаце якога-небудзь гаспадара i спявалi калядныя песнi ды апавядалi казкi. Огулькi праводзiлi на светлай сядмiцы, значыць ад Вялiкадня да правадной нядзелi. Звычайна яны адбывалiся ў карчме i там жа спявалi розныя вясёлыя песнi, танцавалi i частавалiся. Як адзначае апiсальнiк, огулькi праводзiлiся таксама на вулiцы цi на прыродзе, дзе толькi спявалiся песнi. Гэты звычай, апiсана таксама праф. Ярашэвiчам, ператрываў у наваколлi Бельска i Гайнаўкi яшчэ да другой палавiны ХХ стагоддзя.

З народных танцаў апiсальнiк вылучае толькi два: танэць i валець. Яны падобны да сябе з той толькi рознiцай, што ў вальцы крыху падскокваюць, а ў танцы круцацца парамi вакол, без падскоквання. Танцуюць таксама козак; гэта тое ж, што i рускi бычок. Цiкавай часткай працы а. Келесцiна з’яўляецца апiсанне дзiцячых гульняў. Найбольш папулярная з iх – слепая баба – яна заключаецца ў тым, што аднаму хлопчыку завязваюць хусткай вочы i ён павiнен злавiць усiх iншых, якiя гуляюць па пяць разоў, пасля чаго завязваюць вочы наступнаму. Iншаю гульнёю была бабка. У акрэсленым месцы ўбiваюць палку, на якую вешаюць шапку i на павешаную шапку кладуць яшчэ другую i пасля па чарзе пераскокваюць так, каб не скiнуць шапак. Калi якi-небудзь хлопчык скiне шапку, яго ўсе караюць па аднаму ўдару, што называецца кроз-трой – скажоныя рускiя словы сквозь строй. Трэцяй гульнёю ў Старым Корнiне i наваколлi быў проковэць (пярсцёнак). Хлопчыкi ўсеўшыся колам бяруць проковэць, якi адзiн з iх аддаўшы iншаму ўдзельнiку гульнi выклiкае каго-небудзь i прапануе яму адгадаць у каго ён у руках; калi ж той не адгадае, то з шукаючага насмiхаюцца. Апiсана яшчэ некалькi iншых гульняў.

Праца а. Келесцiна Брэна з’яўляецца першым, так грунтоўным апiсаннем народнай культуры ўсходняй Беласточчыны, складзеным не фалькларыстам-прафесiяналам, а праваслаўным сцяшчэннiкам. У наступных дзесяцiгоддзях такой вартасцi работаў узнiкла яшчэ некалькi, пiсаных аднак у рамках розных праграмаў. Адною з iх з’яўляецца “Гiстарычнае i статыстычнае апiсанне царквы i прыхода ў Чорнай Царкоўнай”, складзеная каля 1890 г. настаяцелем прыхода ў Чорнай Царкоўнай а. Аляксеем Валкоўскiм (праца была выдадзеная ў Бельску Падляшскiм у 1994 г.). Апiсанне ўзнiкла паводле iнструкцыi апрацаванай Лiтоўскай Духоўнай Кансiсторыяй у 1886 г. Складаецца яно з пяцi раздзелаў: Прыход, Прыхадская царква, Царкоўны клiр, Прыхажане i Царкоўна-прыхадскiя iнстытуцыi. Нас цiкавiць асаблiва раздел пра прыхажанаў.

Пра нацыянальнасць сваiх прыхажан а. Аляксей Валкоўскi выказваецца, што яны ўсе належаць да беларусаў, з малым дадаткам маларускага (украiнскага) элементу. Вымова тут таксама беларуская з малою дамешкаю слоў маларускiх. Адгэтуль i народную культуру жыхароў чарнянскага прыхода трэба адносiць перш за ўсё да беларускай. Да знешнiх асаблiвасцяў мясцовай культуры а. Аляксей залiчвае размалёўванне сценаў дому у чырвона-зялёныя кветы, чым займаюцца дзяўчаты. З рэлiгiйных абрадаў аўтар апiсання м. iнш. ўспамiнае абходы палёў з крэснымi ходамi ды пасвяшчэнне зелля ў канцы лiпеня. Яно патрэбiцца для каджэння дамоў ды лячэбных мэтаў. Восенню, пасля збору ўраджаю, служылiся г.зв. Вэлiкi обеднi. На такую службу гаспадар запрашаў усiх сваякоў i знаёмых. На могiлках пасвяшчалiся крыжы па памёршых продках, а затым адбываўся ўрачысты абед.

Калi iдзе пра iншыя народныя абрады, апiсанне прыводзiць звестку пра iснаванне звычаю ваджэння казы ў час святкаў ды на масленiцу. У часах а. Аляксея Валкоўскага абрад гэты ўжо аднак адыйшоў у нябыт. Пра хрысцiны аўтар пiша, што яны адбывалiся вельмi скромна – прысутнiчала адно найблiжэйшая сям’я i кумы. Вяселле, першыя два-тры дня адбывалася ў карчме, а пасля гэтага пераяжджала да маладога. Пры гэтым хто-небудзь са сваякоў маладой вёз яе сундук, якi дома жанiха трэба было выкупiць. Пасля ад’езду гасцей маладая павiнна са свайго палатна пашыць кашулю мужу. Толькi пасля таго яна ўводзiлася ва ўсе правы жаны i гаспадынi.

У апiсаннi знаходзiм таксама цiкавыя земляробчыя звычаi. Першы – гэта абход палёў у дзень св. Юрыя. Гаспадар з ўсёй сям’ёю абходзiлi кругом поле засеянае жытам, па кутках поля саджалi пасвячаную вербу ды закапвалi косткi з пасхальнага стала. Калi першы раз выганялi дабытак на пастэўнiк, крапiлi яго пасвяшчонай, ярданскаю вадою ды ўдыралi пасвяшчонай вярбою. У час жнiва, пакуль злажыць звезеныя з поля снапы, у засек клалi благаслаўлённы на Вялiкдзень хлеб – артас, каб засцерагчы збожжа ад мышэй ды ўсялякага нячыстага.

Вышэй згаданыя працы гэта толькi некаторыя крынiцы ХIХ ст. да вывучэння фальклору беларусаў усходняй Беласточчыны. Сведчыць гэта пра даўняе, вялiкае зацiкаўленне народнай культурай гэтага рэгiёну ды яе несумненнае багацце.

Алесь Лось