Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Бельск Падляшскi - Старонкi гiсторыi горада да 1569

Людзi першапачаткова пасялялiся амаль выключна ўздоўж рэк i рэчак. Iх сетка на тэрыторыi сённяшняга Бельска была калiсьцi даволi густая, таму ўжо перад тысячагоддзямi iснавалi тут паселiшчы. Адно з iх знаходзiлася на высокiм беразе ракi Белай, на поўнач ад вулiцы Вiдаўской, iншае ўздоўж далiны называнай Гай, распаложанай сярод палёў Студзiводаў, часткi горада, а раней вёскi. Тут былi знойдзены прадметы з эпохi нэалiту ды ранняга сярэднявечча. Але галоўным месцам пасялення ў гэты час стала наваколле сутоку рэк Белай i Любкi. Тут, на некалькiх пяшчаных пагорках, распаложаных сярод балотаў, у Х-ХIII стагоддзi сфармiраваўся горад, якому нашыя продкi далi iмя Бельск. Назва ягона можа паходзiць ад слова беле, што абазначае мокры луг, або ад слова белы. На апошняе звяртае ўвагу славiст Рыгор Iльiнскi. На яго думку невыпадкова на Падляшшы столькi гiстарычных назоваў з асновай белы: Бельск, Белая, Белавежа, Беласток, рэкi Белыя. Магчыма, што менавiта на Падляшшы сфармiравалася названне Белая Русь, якое пасля перайшло на ўсход сённяшняй Беларусi i захад Расii.

Ужо у часах прафесара Язэпа Ярашэвiча (1790-1860), найвыдатнейшага бельскага гiсторыка, iснаваў погляд, што да першай палавiны ХI ст. Падляшша з Бельскам было здамiнаванае балцкiм племенем яцвягаў. Толькi каля 1038 г. князь кiеўскi Яраслаў Мудры ўмацаваўся на гэтай тэрыторыi, засноўваючы гарады Драгiчын, Мельнiк, Сураж, Бранск ды Бельск. Яцвягi мелi быць тады пераселены ўглыб рускай тэрыторыi. Гэта толькi прадпасылкi, хаця пэўны след яцвяжскай прысутнасцi на Падляшшы iснаваў яшчэ ў ХIХ. У прыхадскiх спiсках, якiя складалiся ў гадах 1857-1860 на тэрыторыi прыходаў Чыжы i Стары Корнiн зафiксавана ажно 3741 яцвягаў. Невядома толькi, цi гэта быў вынiк самасвядомасцi людзей, цi навуковых амбiцыяў складальнiкаў спiскаў?

Як ужо ведаем, сярэднявечны Бельск узнiкаў на тэрыторыi здаўна i даволi густа населенай. Непадалёк яго было старажытнае пасяленне ў Гацьках, раннесярэднявечныя гарадкi ў Пашкоўшчыне, Боцьках ды Збучы. Аднак менавiта Бельску было суджана выйсцi на перад, як цэнтр гэтых зямляў. Археалагiчныя раскопкi на вулiцы Замкавай пацвердзiлi, што ўжо ў ХI-ХIII ст.ст. iснавала тут пасяленне гарадскога тыпу, якога абарончым цэнтрам быў умацаваны гарадок, сёння называны Замкавай або Лысай Гарою. Сярэднявечныя яго жыхары ў вялiкiм маштабе займалiся ганчарствам ды апрацоўкай касцей. Знойдзеныя тут археолагамi фрагменты глiнянага посуду лiчацца ў дзесяткi тысяч. Начынне мела вельмi цiкавыя формы i арнаментыку, што дае аснову называць гэты тып – бельскай керамiкай. Аднак самай каштоўнай знаходкай быў фрагмент амфары – карчагi, ў якой у сярэднявечнай Русi перавозiлi вiно або алей з надчарнаморскiх краiнаў. На Беларусi падобныя начыннi знаходзiлi толькi ў такiх значных гарадах як Гродна, Пiнск цi Ваўкавыск. На бельскай амфары захавалiся iнiцыялы ДШЛI; гэта першы, вядомы помнiк рускага кiрылiчнага пiсьменства ў горадзе.

Пра Бельск крынiцы ўпершыню згадваюць з паловы ХIII ст., калi уваходзiў ён у склад княства галiцка-валынскага. Першая звестка паходзiць з 1253 г., калi памiж Князем Данiлам Раманавiчам i Мiндоўгам вялася вайна. Пасля аблогi Наваградка князь галiцкi вярнуўся ў Бельск, каб тут чакаць брата i братанка, якiя выправiлiся на Гародню. Вось што пра гэта гаворыцца на старонках галiцка-валынскай летапiсi:

Наутрея же плениша всю землю Новгородьскую, оттуда же возвратишася в дом свой: Ятвязем же поехавшим на помощь Данилу, не могоша доехати, зане снези велице быша; оттуда же возвратишася, со помощью Божиею, приемше плен велик. Потом же посла с братом и со сыном Романом люди своя, и взяста Городен, а сама воротистася от Бельска; потом же посласта многы своя пешьце и коньникы на град их, и плениша всю воотчину их и страны их. Миндог же посла сына си, и воева около Турьска. Того же жета присла Миндовг к Данилу, прося миру и хотя любви о сватовстве. Тогда же Тевтвил прибеже к Данилу из Жемоить и Ятвязь, река, яко Миндовг убеди я серебром многим; Данилу же гнев имеющю на не

Вялiкiм дабрачынцаю таго часу быў для Бельска князь Уладзiмiр Васiлькавiч, братанак Данiла Раманавiча. Гэта ён падараваў тутэйшай праваслаўнай царкве уласнаручна напiсаныя iконы i кнiгi:

В лето 6798 (1288)... Такоже и у Белску поустрои церковъ иконами и книгами (...) У Володимерови же списа Святого Дмитреа всего и съсуды сребряные скова, и икону пречистыа Богородица окова сребром с камением дорогымъ и завесы золотом шиты, а другые оксамитные с дробницею, и всеми узорочши украси ю.

Пасля смерцi князя Уладзiмiра ягоныя ўладаннi перайшлi да братанка, князя Мсцiслава. Супраць ягонаму ўпраўленню збунтавалiся аднак бяльшчане, пра што сказана ў апавяданнi Мiколы Гайдука “Крамола”. А вось што пра гэта гаворыць летапiсец:

Хотящю же ему послати до Берестья, и до Каменьца, и до Бельска, и приде ему весть, оте уже засада Юрьева в Брестьи и во Каменци и в Бельски. Берестяны бо учинили бяхуть коромолу (...)

Каля 1320 г. Бельск з усiм Падляшшам увайшоў у Вялiкае Княства Лiтоўскае. Вялiкi князь Альгерд, стараючыся аб мiры на захадзе дзяржавы, у 1366 г. падпiсаў пагадненне з каралём польскiм Казiмiрам Вялiкiм, у якiм ён забавязваўся не парушаць падляшскiх межаў Княства. У гэты час вялiкай небяспекай для Падляшша сталi крыжакi, якiя некалькi разоў абкладалi бельскi замак, м. iнш. у 1373 ды 1377 г. Крыжацкiя хронiкi адназначна адносяць Бельск да тэрыторыi Русi, а тым самым акрэслiваюць яго этнiчны характар. У запiсцы з 1373 г. чытаем: in Rusiam et venit in tereeam Bolisken (Bielsk).

У 1410 г. пад Грунвальдам славянская каалiцыя разграмiла крыжацкi ордэн. Сярод двух падляшскiх харугваў знаходзiлася таксама шмат бельскiх вояў. Два гады пасля бiтвы ў бельскiм замку нейкi час пражываў кароль Уладзiслаў Ягайла. I вось, у 1430 г. з рук вялiкага князя Аляксандра Бельск атрымаў першы прывiлей, якiм быў паклiканы пасад войта. Яму было даручана даглядаць парадку ды пасяляць новых людзей адно лацiнскага веравызнання. Засцерагалася пры гэтым, каб не чынiць шкоды здаўна тут пражываючаму рускаму насельнiцтву, якое дамiнавала ў горадзе i гэтай частцы Падляшша. Першым войтам бельскiм стаў шляхетны Андрэй. Ён жа адразу заняўся гандлем дрэва з навакольных пушчаў, якое Нарваю i Вiслаю спускаў у Гданск.

Найбольшым штуршком у розвiтку Бельска стала магдэбурскае права, якое было нададзенае Аляксандрам Ягелончыкам у 1495 г. Прывiлегiя ўстанаўлiвала пажыццёвы пасад войта, якiм стаў Якуб Гоппен з Гданска. Дапамагаць яму мела пяць ратманаў (райцаў) ды пяць ляндвойтаў. Яны супольна мелi разбiраццца ў цывiльных справах адносна мяшчан, якiя моцаю прывiлегii вызвалялiся ад падаткаў ды надавалася iм права неабмежаванага карыстання гарадскiм лесам. Наступны прывiлей з 1499 г. вызваляў мяшчан ад судавой улады княжацкага намеснiка, даваў права гораду збiраць аплаты за гандлёвыя крамы, васкабойню, вагу ды гандаль соллю. У карысць замка мяшчане павiнны былi плацiць па 12 коп грашэй у год. Гэтыя правы былi пацверджаны ў прывiлегii з 1501 г. У верасню гэтага жа году, ў прысутнасцi Аляксандра Ягелончыка, ў Бельску адбыўся з’езд паноў лiтоўскай рады.

Менавiта з часоў Аляксандра, а асаблiва ягонай жонкi каралевы Алены пачынаецца найбуйнейшы розвiтак горада. Пасля смерцi мужа Алена атрымала Бельск ў пажыццёвае карыстанне. Вось што пра гэта гаворыць старабеларускi прывiлей, запiсаны ў Лiтоўскую Метрыку:

Чиним знаменито сим нашим листом, штож з ласки нашое дали есмо наяснейшой панеи королевой и великой княгини ей милости Алене, невестце нашои милой, замок Белеск и с тыми нашими месты – з Саражом и з Бронском – и со всими бояры и слугами путными и людьми тяглыми, и данники Бельского повета, и з их всими землями пашными и бортными, и боры, и лесы, и дубровами, и гаи, и з сеножатми, и з ловы зверыными и пташними, и з ловищы, и з озеры, и з реками, и з речками, и з бобровыми гоны, и з ставы, и з ставищы, и з млыны и их вымелки, и з данми грошовыми и медовыми, и бобровыми, и куничными, и с капщинами, и з мытными пенезьми, и с чиншы, и со всими иными платы и доходы, и пожитки, и со всим с тым, как есмо сами на собе тот замок и тые места держали.

Уладаранне каралевы Алены гэта быў сапраўдны пачатак залатога веку ў гiсторыi горада. У хуткiм часе становiцца ён адным з важнейшых гаспадарчых i культурных цэнтраў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Узнiкае шырокая праслойка рамеснiкаў розных прафесiяў, услед за гэтым паклiкаюцца да жыцця цэхi. Атрымлiваюць яны прывiлегii; па чарзе былi гэта: цэх мяснiкаў (1516), кузняцоў, пячатнiкаў i аружэйнiкаў (1530), шаўцоў (1549), кушнероў (1565), пiвавараў i саладоўнiкаў (1571), шапачнiкаў ды краўцоў (1580). Апрача рамеснiцтва, Бельск быў таксама цэнтрам гандлю. У вялiкiм маштабе прадавалiся лясныя тавары: дрэва, смала, паташ, шкуры. З-за адсутнасцi сплаўнай рэчкi, бельскiя купцы заснавалi рачны порт на Нарве ў горадзе Нарва (гарадскiя правы з 1523 г.). Найбольш прадпрымальным бельскiм купцом тадышняга часу быў Iван Сегеневiч, якi ўтрымлiваў шырокiя кантакты з Гданскам. Гэта ў яго бельскiя мяшчане ў 1526 г. ўзялi пазыку, каб выкупiць у дзяржавы пажыццёвы пасад войта. Адгэтуль яны маглi самi выбiраць сярод сябе годную таму пасаду асобу, чым фактычна выкупiлiся з залежнасцi ад дзяржаўных намеснiкаў. Гэта быў рэдкi выпадак у тадышняй грамадскай рэчаiснасцi Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Пра магутнасць Бельска таго часу няхай сведчыць яшчэ лiкi. У 1512 г. гора быў забавязаны пасылаць на вайну 50 коннiкаў, што ставiла яго побач Гродна, Коўна i Драгiчына. У 1529 г. Бельску трэба было адводзiць у княжацкi скарб 100 коп грашэй лiтоўскiх на ваенныя патрэбы. Паводле колькасцi гэта было чацвёртае месца ў дзяржаве, пасля Вiльнi, Коўна i Гродна. Не горш Бельск выпадаў таксама ў вышынi падаткаў, якiя адводзiлiся ў скарб ВКЛ. У 1561 г. iх лiк складаў колькасць 1000 коп грашэй. Столькi ж пераказвалi Гародня, Магiлёў i Кiеў.

З гэтага вiдаць, што эканамiчны патэнцыял горада быў вялiкi. Кожны чацвер тут збiралiся на вялiкя ярмаркi. Пасля былi спецыяльна ўстаноўлены гадавыя ярмаркi: у дзень Св. Тройцы, на Прачыстую i Багаяўленне Гасподняе. Нягледзячы на увядзенне ў 1583 г. новага стылю календара, бельскiя ярмаркi надалей праходзiлi паводле старога. Сёння, вялiкiм гадавым ярмаркам засталаося толькi свята Прачыстай.

Не адзiным хлебам аднак жылi тадышнiя бяльшчане. Горад быў таксама цэнтрам духоўнасцi i кнiжнасцi, перш за ўсё звязанай з Праваслаўнай царквою. У першай палове ХVII стагоддзя ў горадзе дзейнiчала пяць цэркваў. Найстарэйшаю з iх i найважнейшаю была Прачысценская, якая першапачаткова стаяла на тэрыторыi замка (таму яшчэ да нядаўняга часу мяшчанамi была называная замкаваю). У 1562 г. яе драўляны будынак быў перанесены на вулiцы Стары Горад, дзе стаiць да сёння (цяпершанi яе будынак адносiцца да ХVIII ст.). Шчаслiва захавалася ў ёй iкона Багарoдзiцы Адзiгiтрыi, якую царкве падаравала самая каралева Алена. Iкона славутая цудадзеяннямi, да сёння прыцягвае шматлiкiх паломнiкаў.

Другою царквою, якая ў ХVI ст. iснавала ў непасрэдным суседстве замку была Мiкалаеўская. Пры ёй дзейнiчаў мужчынскi манастыр, з якога выйшаў першы iгумен Супрасльскaга манастыра iгумен Пафнуцiй Сегень, брат вядомага купца Iвана Сегеня-Сегеневiча. Славутая пазней бiблiятэка супрасльскага манастыра першапачаткова ўзнiкла менавiта на аснове кнiгаў, прынеceных з бельскага Мiкалаеўскага манастыра. Iгумен Пафнуцiй быў iх галоўным аўтарам i перапiсшчыкам. Ягоную асобу можам па праву лiчыць першым бельскiм пiсьменнiкам.

Адною са старэйшых бельскiх цэркваў можам лiчыць таксама Багаяўленскую або Мiхайлаўскую, распаложаную на захад ад манастыра. Таксама i гэтая царква знаходзiлася непасрэдна замкавай тэрыторыi; нездарма настарэйшую, замкавую частку горада называлi Рускiм горадам. Пры згаданай царкве iснаваў прытулак для бедных i школа, якую вяло брацтва.

Дзве апошнiя царквы знаходзiлiся далей ад замку. Уваскрасенскi храм першапачаткова стаяў на Дубiчах, частцы горада, якой жыхары ў большасцi займалiся гарбарствам. Яшчэ да 1563 г. царква была перанесеная на Галавеск, дзе ў той час фармiраваўся фальварк бельскага старасты. Пятая з бельскiх цэркваў – Троiцкая, фундаваная каралевай Бонай, стаяла на скрыжаваннi лiтоўскага тракты i сённяшняй вул. Вiдаўской. Пры храме таксама iснаваў прытулак.

У першай палове ХVI ст. у Бельску iснавалi два рымакаталiцкiя касцёлы. Найстарэйшы, пасвячаны ў гонар Нараджэння Дзевы Марыi i св. Мiкалая, упершыню ўзгадваецца ў дакументах пад 1446 г. Касцёлу была прыпiсана частка горада, якая пасля стала называцца Пасвентым. На пачатку ХVI ст. пры лiтоўскм тракце (сёння скрыжаванне вул. Мiцкевiча i Казiмежоўскай) ўзнiк прытулак для бедных, а пры iм каплiца св. Марцiна. Праiснавала яна да 1700 года.

Апрача гаспадарчага i духоўнага, Бельск ХVI ст. быў таксама цэнтрам палiтычнага жыцця. Тут вялiкiя князi сустракалiся з палiтычнаю элiтаю дзяржавы, адбывалiся нарады, вальныя соймы. Апошнi з iх прайшоў у Бельску ў лiпенi 1564 г.; на iм прысутнiчаў сам кароль Жыгiмонт Аўгуст. На сойме быў абвешчаны бельскi прывiлей, якi ўдасканаўлiваў палажэннi I Лiтоўскага Статута; гаварылася таксама пра справы вунii ВКЛ i Кароны. Сойм аднак не завершыўся, а прычынаю таму быў пажар бельскага замка, якi заняўся агнём ад удару грому. Колькi не старалiся замкавыя службы, але драўляных, смаляных сценаў не ўдалося ўратаваць. Як пiша хранiст Марцiн Бельскi, бездапаможны на стыхiю кароль глядзеў на пажар, седзячы на канi пры замкавых канюшнях.

Пажар замку быў як бы прадвеснiкам вялiкiх палiтычных зменаў, якiя мелi наступiць праз пяць гадоў – вунii дзяржаў i адыходу Бельска да Польскай Кароны. Бяльшчане неадназначна паставiлiся да iдэi вунii. Шмат з iх разумела, што горад можа з-за гэтага страцiць на сваiм эканамiчным i грамадскiм патэнцыяле. Трывогi апраўдалiся. Калi ў 1563 г. Бельск налiчваў 830 дамоў, дык у 1576 г., сем гадоў пасля заключэння люблiнскай вунii, было iх заселеных толькi 557. Не значыць гэта, што бяльшчанам зусiм апала ахвота развiваць горад i свае iнтарэсы. Яны не з тых. Але пра гэта напiшам у другой частцы нарысу, якi ахопiць гады 1569-1795.

Дарафей Фiёнiк (галоўны рэдактар краязнаўчага часопiса «Бельскi Гостiнэць»)