Aktualny język artykułu: BE

Беларускія народныя строі

Альбом "Беларускія народныя строі" — справа майго жыцьця. Яго аснову складаюць малюнкі з выявамі беларускіх сялян і мяшчан, апранутых у сьвяточнае, традыцыйна-абрадавае адзеньне 19 — сярэдзіны 20 ст. Кожны малюнак — не фантазія аўтара. За ім — велізарная інфармацыйна-зьбіральніцкая і дасьледчая праца. Перад Вамі навуковыя, мастацка-графічныя рэканструкцыі народных строяў Беларусі ўсіх этнаграфічных рэгіёнаў. Матэрыял для рэканструкцыяў зьбіраўся аўтарам больш за чвэрць стагодзьдзя ў аддаленых вёсках краіны, дзе захаваліся традыцыйны ўклад жыцьця і рукатворнае народнае адзеньне непаўторнай красы, дзе беларуская сялянка магла гадзінамі апавядаць, як строіліся да сьвята яе бабуля і маці, што яны бераглі да рытуалу радзінаў і да адыходу на вечны спачын.

Апроч палявога збору, праца вялася ў музэях, архівах і бібліятэках Менску, Пінску, Варшавы, Вільні, Львова, Масквы, Санкт-Пецярбургу, Уроцлава і іншых гарадоў. Замалёўкі, фотаздымкі, гравюры, вопісы вядомых этнографаў і краязнаўцаў — усё апрацоўвалася і сыстэматызавалася. У пераважнай болынасьці выпадкаў пры стварэньні мастацка-графічнай рэканструкцыі давялося карыстацца старадаўняй фатаграфіяй або фотаздымкамі зь сямейных рамак, якіх і цяпер шмат у вясковых хатах.

Czytaj dalej...

Традыцыйны народны строй беларусаў мае доўгую гісторыю разьвіцьця. Спэцыфічныя беларускія рысы ён набыў у 14-16 ст., у пэрыяд фармаваньня беларускай народнасьці. Строй нараджаўся ва ўзаемаўплывах зь літоўскай, польскай, расейскай і ўкраінскай традыцыямі. Апроч гэтага, ён узбагачаўся ўплывамі інтэрнацыянальнага гарадзкога касьцюму і такім чынам упісваўся ў агульнаэўрапейскі кантэкст.
Сфармаванае ў выніку доўгага і складанага працэсу разьвіцьця, традыцыйнае адзеньне ў болыпай, чым іншыя формы быту, ступені адлюстроўвае нацыянальную спэцыфіку беларусаў. Лічыцца, што пасьля мовы народнае адзеньне — найболып важная этнічная прыкмета. Строй беларускіх сялян цалкам адпавядаў таму эстэтычнаму ідэалу прыгажосьці, што выяўляўся ў мэлёдыі народнай песьні, гуках народных інструмэнтаў, плястыцы традыцыйнага танцу.
Асаблівая роля ў калярыстыцы адзеньня адводзілася срабрыста-беламу колеру натуральнага ільну або воўны, які ўвасабляў сьвята і радасьць. Таму, відаць, невыпадкова ўзьнікла гіпотэза, што назва "беларус" паходзіць ад таго, што спакон веку ўлюбёным колерам адзеньня нашых продкаў быў белы. Акрамя белага, важнае месца займаў чырвоны колер, які сымбалізаваў жыцьцё, а, аб'яднаны ў складаную сыстэму знакаў — арнамэнтаў, нанесеных на адзеньне ў часе вышыўкі або тканьня, — служыў засьцерагальным знакам.

Ільняное белае адзеньне, кроенае з прастакутнае саматканкі, суправаджала селяніна ад нараджэньня да самай сьмерці. У бліскуча-белы мятлік (накладное тунікападобнае адзеньне без рукавоў) апранаў беларус навародка, а ў па-майстэрску вышытай чырвоным арнамэнтам кашулі — апускаў у магілу нябожчыка. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзеньне насіць у будзень, якое на вясельле, а якое ў часе жалобы. Напрыклад, у пост хадзілі ў "посным" строі, у якім цалкам адсутнічаў чырвоны колер. У самае прыгожае адзеньне ўбіраліся падчас сьвятаў, калі першы раз выганялі на пашу жывёлу, узворвалі першую баразну або пракладвалі першы пракос на лузе. Паводле звычаю, на першы пакос або жніво жанчыны і мужчыны павінны былі апрануць асаблівы, нештодзённы строй. Строгім і вытанчаным быў сьвяточны строй маладух да нараджэньня першага дзіцяці. Накшталт гатычных мадон, павітыя ў белыя і тонкія, як вэлюм, доўгія покрывы — наміткі, апранутыя ў яркія, як вітражы храмаў, спадніцы-андаракі, велічна і грацыёзна хадзілі яны па роднай зямлі, і, як і ўсе жанчыны сьвету, адчувалі сябе ў сьвяточных уборах высакароднымі і прыгожымі. Надзвычай яскрава ўпрыгожваўся вясельны строй маладой. Залацістыя, блакітныя, зялёныя гарсэты гарманічна спалучаліся з чырвона-малінавым арнамэнтам белых сарочак і дапаўняліся вясёлкавымі фарбамі андаракоў. Галоўнай прыкметаю быў вяпок — галаўны ўбор, выраблены з кветак, лісьця, бісэру і дапоўнены рознакаляровымі стужкамі.
Менавіта жаночы строй вызначае адметнасьць нацыянальнага адзеньня беларусаў увогуле.
На тэрыторыі ўсёй краіны ў канцы 19 — пачатку 20 ст. у летнім жаночым адзеньні быў распаўсюджаны комплекс, у склад якога ўваходзілі: кашуля, спадніца, фартух, гарсэт, ваўняны пояс.

Жаночая кашуля кроілася з прастакутных кавалкаў ільняной тканіны. Аздаблялі кашулю чырвона-чорным колерам і строгім геамэтрычным або расьлінным арнамэнтам, карункамі ці белым рэльефным шыцьцём. Найболыная ўвага зьвярталася на ўпрыгожаньне рукавоў, што зьвязана зь верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнамэнту, які нібыта засьцерагаў рукі ад злых духаў і надаваў ім моц у працы. Разнастайным было паясное адзеньне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік, бурка), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці срабрыста-белым калярыце. Кампазыцыйна-арнамэнтальнае вырашэньне фартуха адпавядала кашулі і гарманізавала зь ёю; апрача таго, фартух упрыгожваўся карункамі і быў прыкметнай часткай строю. У жаночае, асабліва сьвяточнае ўбраньне ўваходзіў і гарсэт (кабат) у выглядзе безрукаўкі, якая шчыльна аблягала стан і рабіла паставу зграбнай. Пояс быў рознакаляровым (найчасьцей чырвона-зялёна-белым) з абавязковымі кутасамі ці махрамі на канцах. Дапаўняўся жаночы строй вялікай колькасьцю караляў з бурштыну, шкла, каменю, а таксама мэталічнымі крыжыкамі і абразкамі.
У стварэньні мастацкага ансамблю і завяршэньні строю вялікую ролю гралі галаўны ўбор і прычоска. Яны строга адпавядалі ўзросту і сямейнаму становішчу жанчыны. Дзяўчаты хадзілі зь непакрытаю галавой. Расчасаныя на прабор валасы запляталі ў адну ці дзьве касы, упрыгожаныя каляровымі тасёмкамі ці стужкамі. Зьверху надзяваўся вянок, абручык з налобнікам ці перавязка-ручнік у форме маленькага ручнічка з аздобленымі вышыўкай канцамі і чалом. У адрозьненьне ад дзяўчат, замужнія жанчыны старанна хавалі валасы пад самы распаўсюджаны і традыцыйны галаўны ўбор — намітку (белы льняны ручнік даўжынёю каля чатырох мэтраў). Таксама пашыраныя былі каптур, галовачка і падвічка. Жаночыя галаўныя ўборы ня мелі рэзкага падзелу на летнія і зімовыя, у холад на іх дадаткова накідвалі хустку. Будзённым абуткам жанчын служылі лапці, а сьвяточным — скураныя пасталы ці чорныя хромавыя чаравічкі.

Мужчынскі строй, у параўнаньні з жаночым, больш аднастайны і тыповы. Традыцыйнае сьвяточнае адзеньне мужчын складалася з палатнянай кашулі, нагавіц і камізэлькі. Кашулю насілі навыпуск і падпярэзвалі рознакаляровым з пышнымі кутасамі поясам. На шыю павязвалі шалік. Дапаўняў мужчынскі строй скураны кашалёк-кішэня шабета (каліта) на раменьчыку, якая насілася празь левае плячо або падвешвалася да поясу.
Галаўнымі ўборамі найчасьцей былі магеркі зь белага лямцу і картузы. Шырока бытавалі і валяныя ці саламяныя капелюшы (брылі), якія насілі болып улетку. Узімку насілі аўчыныя шапкі — аблавухі ці "кучмы", падбітыя футрам.
Пашыраным абуткам былі лыкавыя лапці або скураныя пасталы, на сьвяты — скураныя боты. Упрыгожвалася мужчынскае адзеньне сьціпла. Дамінаваў белы колер, а дэкор разьмяркоўваўся на каўняры, грудзях, плячах і рукавах кашулі, таксама на поясе.

Верхняе мужчынскае і жаночае зімовае адзеньне мала чым адрозьнівалася паміж сабою. Шылі яго зь белага, шэрага і, радзей, з чорнага сукна, а таксама зь недублёнай белай ці дублёнай вохрыста-чырвонай аўчыны. Палатнянае верхняе адзеньне сустракаецца ў паўночна-заходніх раёнах. 3 сукна шылі сьвіткі, сярмягі, бурносы, курткі, нагавіцы і іншыя традыцыйныя віды вопраткі. 3 аўчыны выраблялі кажухі і кажушкі. Упрыгожвалі зімовы (верхні) строй больш сьціпла, чым летні. Вышыўка шарсьцянымі ніткамі дапаўнялася аплікацыяй з каляровай тканіны, скуры, шнура і тасьмы.

Беларускае народнае адзеньне аднатыпнае на ўсёй тэрыторыі краіны, але ў ім вылучаюць чатыры асноўныя комплексы, залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым строі: са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя два вядомыя ўсюды, два другія — ва ўсходніх і паўднёва-ўсходніх раёнах. Кожны зь іх па-свойму адлюстроўвае эвалюцыю строю. У кожным адбіліся і асаблівасьці такіх этнаграфічных рэгіёнаў, як Заходняе і ўсходняе Палесьсе, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямоньне, Віленшчына, Паазер'е.

Tekst i rysunki pochodzą z książki: „Belaruskija Narodnyja Stroi”,
Michaś Romaniuk, wydawca: Dzianis Ramaniuk, Mińsk 2003.

Opis do rysunków:

Заходняе Палесьсе
1 Дамачаўскі строй
2 Кобрынскі строй
3 Мотальскі строй
4 Маларыцкі строй
5 Пінска-Івацэвіцкі строй

Усходняе Палесьсе
6 Дзвыд-Гарадоцка-Тураўскі строй
7 Калінкавіцкі строй
8 Турава-Мазырскі строй

Падняпроўе
9 Быхаўскі строй
10 Магілёўскі строй
11 Мсьціслаўска-Клімавіцкі строй
12 Неглюбскі строй

Цэнтральная Беларусь
13 Капыльска-Клецкі строй
14 Ляхавіцкі строй
15 Пухавіцкі строй
16 Слуцкі строй

Панямоньне
17 Баўкавыска-Камянецкі строй
18 Ні'ваградзкі строй

Віленшчына
19 Вілейскі строй

Падзьвіньне і Паазер'е
20 Дзісенскі строй
21 Лепельскі строй
22 Расонскі строй
23 Смаленскі строй