Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Беларускія арганізацыі ў Беластоку й на тэрыторыі Беласточчыны

Сучасны беларускі нацыянальны рух пачаў разьвівацца ў другой палове ХІХ стагодзьдзя. На працягу паўтараста гадоў – разам з высьпяваньнем сялянства да ўдзелу ў агульнаграмадскім жыцьці – стваралі яго чарговыя пакаленьні беларусаў. У аснову працэсу нацыяналізацыі ўсіх слаёў насельніцтва Беларусі лёг царскі закон з 1861 г. аб вызваленьні сялян з прыгоньніцкай залежнасьці. Жыхары сёньняшняй Беласточчыны таксама ўзялі ўдзел у гэтым агульным працэсе самавызначэньня беларускай нацыі.

На Беласточчыне, этнічным польска-беларускім стыку, у пачатку 60-ых гадоў мінулага стагодзьдзя была арганізавана кансьпірацыйная арганізацыя, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх пластоў насельніцтва. Яе ўтваральнікі, родам са шляхты, каб прыцягнуць шырокія масы беларускага сялянства, выдавалі прапагандысцкую літаратуру на беларускай мове, між іншым часопіс “Мужыцкая праўда”. Найважнейшай мэтай кіраўніцтва гэтай арганізацыі была барацьба з расійскім захопнікам за ўзнаўленьне Рэчы Паспалітай у межах да 1772 года. У гэты час ажывілася таксама ідэалагічная барацьба на рэлігійным узроўні за першынство уніяцтва над праваслаўем. Адной зь вядучых асоб гэтай кансьпірацыі, а таксама яе суарганізатарам ды аўтарам беларускіх публікацый, быў Кастусь Каліноўскі – сын арандатара маёнтка Мастаўляны (зараз у гміне Гарадок).

Выкліканае ў студзені 1863 г. узброенае паўстаньне супраць царскай Расіі пацярпела паражэньне. Як выявілася, аднаўленьне даўняй Рэчы Паспалітай было ўжо ў гэтым часе немагчымым. У той час на Беласточчыне, таксама на рэлігійнай ніве, закончылася пэўная эпоха, канчаткова прайграла уніяцкая ідэя. Удзел беларускіх сялян у паўстаньні – што заслугоўвае асаблівай увагі – поўнасьцю паказаў новую палітычную, грамадскую ды нацыянальную якасьць. Менавіта тады пачыналі заяўляць пра сябе шырокія масы беларусаў – яшчэ слаба пракметныя і зусім недаацэненыя як палітычны партнёр польскімі, а таксама рускімі, нацыянальнымі элітамі.

Паражэньне сфармаванай у першай палове ХІХ ст. шляхецкай ідэі польскай дзяржавы адкрывала новы перыяд на беларускіх землях даўняй Рэчы Паспалітай. Аднак толькі наступнае пакаленьне маладых беларусаў дакладна вызначыла свае нацыянальныя імкненьні. Пры гэтым трэба сьцьвердзіць, што гэта адбывалася пад уплывам сацыялістычных ідэй, якія фармаваліся ў тым часе ў Еўропе. У 70-ыя гады ў расійскай імперыі, і гэтым самым на землях, дзе пражывалі беларусы, пачаў пашырацца т.зв. “сялянскі сацыялізм” – у гістарычнай літаратуры названы народніцтвам. Першапачаткова народніцкі рух разьвіваўся галоўным чынам у школьных і студэнцкіх асяродзьдзях. Адной з формаў яго дзейнасьці былі самаадукацыйныя маладзёжныя гурткі, якія на тэрыторыі Беласточчыны існавалі між іншым у Бельску Падляшскім і Беластоку.

З гэтым асяродзьдзем быў зьвязаны Ігнат Грынявіцкі, родам з Грынявіч што пад Бельскам Падляшскім. Будучы студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, ён уступіў у 1879 г. у расійскую партыю Народная воля і быў у ёй адным з утваральнікаў беларускай фракцыі, праграма якой была апублікавана ў 1884 г. у расійскамоўным часопісе “Гоман”. Раней, аднак, бо ў 1881 г., Ігнат Грынявіцкі быў сьмяротна ранены падчас пасьпяховага замаху на цара Аляксандра ІІ у Пецярбурзе.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. сучасная беларуская нацыянальная сьвядомасьць пачала пранікаць ва ўсё шырэйшыя масы насельніцтва. Гэтаму спрыяла павышэньне матэрыяльнага ўзроўню грамадства і разьвіцьцё эдукацыі. Працэсу пашырэньня нацыянальнай ідэі сярод сялянства, самага шматлікага грамадскага слоя, ня процідзейнічала русіфікацыйная палітыка царскіх уладаў, хаця яна прычынялася да ўзмацненьня русафільства.

Дзейнасьць беларускіх нацыянальных арганізацый на Беласточчыне ў перыяд царскай Расіі не была надта актыўнай. Несумненна даходзілі сюды са сваёй праграмай члены Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адным зь яе заснавальнікаў быў Іван Краскоўскі, родам з сям’і праваслаўнага сьвяшчэньніка з парафіі ў Дубічах Царкоўных (зараз Гайнаўскі павет). Уплывы БСГ на Беласточчыне пацьвярджае таксама ўдзел Яўгена Хлябцэвіча, сына праваслаўнага сьвяшчэньніка з Клейнік (зараз Гайнаўскі павет), у ІІ-ім Зьезьдзе гэтай партыі, які праходзіў у Мінску ў пачатку 1906 г. Дзеячы Грамады зьвярталі ўвагу перш за ўсё на арганічную працу сярод жыхароў вёсак, распаўсюджвалі між іншым ідэі кааперацыі. Сваіх членаў і сымпатыкаў меў таксама Беларускі настаўніцкі саюз і Гурток беларускай моладзі ў Гародні.

Павольнае, але сістэматычнае арганізацыйнае разьвіцьцё беларускай грамадскасьці на Беласточчыне перарвала І сусьветная вайна. У выніку перасоўваньня расійска-нямецкага фронту на ўсход, у жніўні 1915 г. большая частка беларусаў эвакуіравалася – падалася ў бежанства – углыб Расіі. Нямногія, што засталіся, знайшліся ў неспрыяльным становішчы. Нягледзячы на гэта, у канцовы перыяд расійска-нямецкай вайны беларусы ўтварылі на Беласточчыне свае школы, за працай якіх сачыла Гарадзенская беларуская школьная рада. У вясковых гмінах ствараліся беларускія сялянскія рады ў якасьці мясцовых прадстаўніцтваў грамадзян. Ужо ў пачатку 1918 г. з Расіі пачалі вяртацца бежанцы, якія падмацоўвалі самаарганізацыю грамадства. Далейшае разьвіцьцё беларускіх мясцовых структур перарваў у канцы лютага 1919 г. уваход польскіх войскаў і ўстанаўленьне польскай адміністрацыі. Вядучыя беларускія палітычныя дзеячы, настаўнікі, чыноўнікі былі заключаны ў лагеры ў Беластоку (т.зв. разьмеркавальная станцыя).

Пасьля падзеньня царызму ў Расіі беластоцкія бежанцы актыўна ўдзельнічалі ў дзейнасьці беларускіх эміграцыйных арганізацыяў. Між іншым у маскоўскай Беларускай грамадзе функцыю сакратара выконваў Нестар Перавой, родам з Кнаразоў у павеце Бельск Падляшскі, а ў падобнай арганізацыі ў Барнауле (Алтайская губэрня) дзейнічаў Васіль Дзун зь вёскі Шымкі (гміна Міхалова). Шмат актывістаў зь беларускіх арганізацыяў бежанцаў вярнулася ў 1918-1922 гг. з Расіі на Беласточчыну й тут працягвала сваю дзейнасьць.

У канцы 1920 г. было заключана польска-бальшавіцкае перамір’е, што дало магчымасьць бежанцам масава вярнуцца на Беласточчыну. Пасьля некалькігадовай адсутнасьці найчасьцей яны вярталіся ў свае вёскі, дзе знаходзілі зруйнаваныя гаспадаркі. На часта трагічную эканамічную сітуацыю гэтага насельніцтва накладаліся дыскрымінацыйныя дзеяньні польскіх уладаў, якія адрэагоўвалі на т.зв. “рускіх”, г.зн. беларусах, антыпольскую палітыку часоў царызму. Асаблівыя ганеньні, уключна з канфіскацыяй маёнткаў, былі накіраваныя на праваслаўныя парафіі. Такія дзеяньні білі ў беларусаў, пераважная большасьць якіх была праваслаўнага веравызнаньня.

У сакавіку 1921 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж польскім урадам і расійскімі бальшавіцкімі ўладамі. Быў праведзены падзел беларускіх земляў. З гэтым пастанаўленьнем не пагадзілася ніводная зь беларускіх палітычных груповак, якія лічылі створаную ў сакавіку 1918 г. Беларускую Народную Рэспубліку адзінай легальнай дзяржаўнасьцю на беларускіх землях.

Беларусы на Беласточчыне, кіраванай польскай адміністрацыяй, пачалі ствараць кансьпірацыйныя арганізацыі. Ідэйна яны былі зьвязаны з эміграцыйным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, што быў кіраваны Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) і дзейнічаў у тым часе ў літоўскім Каўнасе. На сучаснай тэрыторыі Беласточчыны ў 1922 г. у антыпольскіх структурах было згуртавана некалькі сотняў людзей. Адной з галоўных асоб гэтай кансьпірацыі была Вера Маслоўская, родам з Агароднічак пад Беластокам. Самая моцная арганізацыя ўзьнікла ў Бельскім павеце, на чале якой стаў ураджэнец Грабаўца, што каля Дубіч Царкоўных, Герман Шыманюк, псеўданім “Скамарох”. Мэтай кансьпірацыі было ўтварэньне непадлеглай беларускай дзяржавы. Вясною 1922 г. у Белавежскай пушчы быў створаны партызанскі атрад колькасьцю ў чалавек 30, які правёў некалькі акцыяў. Хуткая і шырока задуманая рэакцыя польскіх уладаў прывяла да таго, што атрад быў разьбіты. Пяць схопленых партызанаў Ваенна-палявы суд у Беластоку прыгаварыў 23 мая 1922 г. на сьмерць. Тады былі растраляны: Андрэй Тамашук, Дзямян Мартынюк, Іван Сахарчук, Іван Піцалюк, а Панцеляймону Нічыпаруку, па прычыне маладога ўзросту (16 гадоў), сьмяротны прыгавор быў заменены на пажыцьцёвае заключэньне. Здрада каменданта арганізацыі Сакольскага павета спрычынілася да масавых арыштаў кансьпіратараў з паветаў: Сакольскага, Беластоцкага, Бельскага, Гарадзенскага і Ваўкавыскага. Зь ліку мясцовага кіраўніцтва паліцыя затрымала між іншым Веру Маслоўскую, а Герман Шыманюк прабраўся ў Літву. У маі 1923 г. у Беластоку адбыўся працэс 45 чалавек, у тым ліку беларускіх паслоў у Сейм Рэчы Паспалітай: Сымона Якавюка і Сяргея Баранава, якіх абвінялі – як было запісана ў абвінаваўчым акце – ва ўдзеле ў змове, што мела на мэце шляхам узброенага паўстаньня адлучыць ад Польшчы частку яе дзяржаўнай тэрыторыі і ўтварыць з адлучанай часткі беларускую незалежную рэспубліку. Дваццаць падсудных польскі суд палічыў віноўнымі і прыгаварыў іх на турму ад года па пажыцьцёвае заключэньне.

Разгон радыкальнай нацыянальна-вызваленчай арганізацыі ня стаў перашкодай для падрыхтоўкі беларусаў да парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў лістападзе 1922 г. Створаны ў тым часе Беларускі выбарчы камітэт выступіў афіцыйна з трыма асноўнымі пастулатамі: 1) зямля сялянам, 2) школы з роднай мовай, 3) тэрытарыяльная аўтаномія Заходняй Беларусі. Зладжана праведзеная выбарчая кампанія прывяла да таго, што на Беласточчыне пасламі ў Сейм РП былі выбраныя: зь беластоцка-сакольскай акругі Уладзімір Каліноўскі, родам з-пад Брэста, зь бельскай акругі Сымон Якавюк, ураджэнец вёскі Дубіны каля Гайнаўкі, з аўгустоўска-гарадзенскай акругі Сяргей Баранаў, з Гародні. Гэтыя паслы ўвайшлі ў парламенцкі Беларускі клуб. На тэрыторыі тагачаснага Беластоцкага ваяводства Беларускі клуб утварыў свае бюро ў некалькіх мясцовасьцях: у Бельску Падляшскім, Гародні, Кляшчэлях, Крынках, Саколцы, Ваўкавыску. На жаль, усе памянёныя паслы дзейнічалі ў Сейме вельмі коратка. Сымон Якавюк і Сяргей Баранаў, як ужо згадвалася, былі пастаўленыя перад судом і прыгавораны на заключэньне ў турме на некалькі гадоў. Якавюку ўдалося ўцячы ў Літву, дзе ён працягваў працу ў беларускіх эміграцыйных арганізацыях. Аднак Баранава пасадзілі ў турму. Уладзіміру Каліноўскаму ўлады адмовілі ў польскім грамадзянстве і аб’явілі нядзейсным яго пасольскі мандат. На месца Калінаўскага, згодна з выбарчым заканадаўствам, у Сейм РП увайшоў Павел Валошын з Гаркавіч (зараз гміна Шудзялова).

У выніку вострай барацьбы беларусаў з польскімі ўладамі за элементарныя грамадзянскія правы, усё болей радыкальным рабіўся настрой беларускіх дзеячаў, нават тых з паланафільскімі поглядамі. Радыкалізм быў асабліва відавочны сярод маладога пакаленьня, у якога не было аніякай персьпектывы палепшыць свой быт па прычыне паўсюднай пасьля вайны бяды ды вельмі абмежаванай магчымасьці здабыць адукацыю. Гэты настрой выкарыстоўвалі камуністычныя дзеячы, якія ў канцы 1923 г. паклікалі да жыцьця нелегальную Камуністычную партыю Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яе рады папоўнілі між іншым некаторыя ўдзельнікі эсэраўскай кансьпірацыі з 1922 г. У беларускіх вёсках на Беласточчыне пачалі ўзьнікаць ячэйкі (гурткі) КПЗБ. Інстанцыямі, дзе гуртаваліся гэтыя асноўныя партыйныя арганізацыі, былі раённыя і гарадскія камітэты, што дзейнічалі ў большых мясцовасьцях тагачаснага Беластоцкага ваяводства: Беластоку, Бельску Падляшскім, Бранску, Гародні, Кляшчэлях, Ваўкавыску і Заблудаве. У Беластоку і Гародні існавалі акруговыя камітэты. Трэба адзначыць, што КПЗБ у нацыянальных адносінах не была арганізацыяй чыста беларускай, таму што ў гарадах да яе належалі галоўным чынам яўрэі, а ў заходніх гмінах паветаў: Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага – таксама палякі. На першым месцы камуністы ставілі класавую барацьбу, г.зн. хацелі ліквідаваць “эксплуататарскія класы” і пераняць уладу, у выніку чаго мела адбыцца паляпшэньне быту найбяднейшага насельніцтва незалежна ад нацыянальнасьці. Гэта былі ўтапічныя намеры, але ў дадзеных умовах вельмі прывабныя для часткі беларускага насельніцтва, ці таксама для яўрэйскага пралетарыяту.

Пашырэньню камуністычнай ідэалогіі ў беларускіх вёсках не перашкаджала шырока задуманая акцыя т.зв. ліквідацыі КПЗБ, якую правяла польская палітычная паліцыя ў жніўні 1925 г. На Беласточчыне ў гэты час было арыштавана некалькі сотняў людзей, якіх падазравалі ў камунізьме й якія не належалі да КПЗБ. З-за недахопу месца ў турмах для затрыманых былі ўтвораны тры лагеры: на Петрашах пад Беластокам, а таксама ў Ворлі і Бельску Падляшскім. Паліцыя з мэтай вымусіць паказаньні катавала невінаватых людзей, пра што беларускія паслы паведамілі Сейм РП. Гэта не прывяло да ніякай адказнасьці дзяржаўных службовых асоб, якія ўчынілі звычайныя злачынствы. Большасьць арыштаваных у хуткім часе была выпушчана, паколькі не змаглі ім прад’явіць канкрэтныя абвінавачаньні, але астатнія чакалі нават некалькі гадоў судовых разбораў. Самы вялікі працэс, т.зв. “133”, меў месца ў Беластоку ў 1928 г.

У пачатку 1924 г. пры КПЗБ быў створаны нелегальны Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, які выхоўваў будучыя кадры камуністычнай партыі. У многіх мясцовасьцях узьніклі ячэйкі гэтай маладзёжнай арганізацыі.

Камуністы вялі перш за ўсё прапагандысцкую дзейнасьць, распаўсюджваючы свае публіккацыі, ды арганізавалі легальныя маніфэстацыі 1 мая або нелегальныя – з нагоды розных гадавін, напрыклад сьмерці Уладзіміра Леніна. Такім чынам выходзілі насупраць незадаволеным шырокім масам насельніцтва і павялічвалі колькасьць сымпатыкаў.

У палове 20-ых гадоў большасьць паслоў Беларускага клуба, заўважаючы радыкальны настрой насельніцтва, прыйшла да вываду, што толькі шляхам выкарыстаньня гэтага паўсюднага незадавальненьня ў рамках легальнай палітычнай партыі будзе можна ўплываць на зьмену пазыцыі польскіх уладаў у адносінах да беларускага пытаньня. Таму 24 чэрвеня 1925 г. у Сейме быў створаны асобны клуб Беларускай сялянска-рабочай грамады (БСРГ), у які ўвайшоў таксама Павел Валошын. Пачалося ўтварэньне новай, масавай палітычнай партыі. Вядучая асоба БСРГ, пасол Браніслаў Тарашкевіч, склаў статут і праграму партыі, якія былі выдадзены ў Вільні ў 1926 г. Першапланавай мэтай была барацьба за нацыянальнае вызваленьне. Услед за гэтым пастулатам ставіўся націск на саюз сялян і рабочых, якія салідарна павінны змагацца за справядлівы грамадскі лад – за ўладу для працоўных людзей. Патрабавалася аграрнай рэформы, якая была б карысная сялянам, а таксама навучаньня на роднай мове. Царкоўныя інстытуцыі павінны быць адзьдзелены ад дзяржаўных структур.

Вельмі хутка, толькі ў другім паўгодзьдзі 1926 г., на тэрыторыі Беласточчыны ў гуртках Грамады дзейнічала каля 5 тысяч людзей. Амаль у кожнай беларускай вёсцы быў гурток або некалькі членаў партыі. Польская адміністрацыя, заўважаючы рэальную пагрозу пераняць уладу ў рэгіёне беларускімі дзеячамі шляхам дэмакратычных працэдур, скарыстала правакацыі, якія мелі месца ў часе павятовых зьездаў Грамады. Так адбылося ў Беластоку ў лістападзе 1926 г., а ў Бельскім павеце дайшло нават да разгрому дэлегатаў на зьезд, што меў адбыцца ў Старым Беразове. Аднак толькі арышт людзей з цэнтральнага кіраўніцтва Грамады й мясцовых актывістаў, у тым ліку й на Беласточчыне, спыніў далейшае разьвіцьцё гэтай самай вялікай у тагачаснай Еўропе сялянскай палітычнай партыі. У турму папалі між іншым старшыня Павятовага камітэта ў Беластоку Аляксандр Гжэсь, сакратар гэтага камітэта Васіль Казлоўскі ды старшыня Сакольскага камітэта Ян Гелда.

Улады, аднак, не змаглі выразна аслабіць дзейнасьць Грамады й таму 23 сакавіка 1927 г. аб’явілі гэтую партыю нелегальнай. Частка дзеячаў, баючыся далейшых арыштаў, эмігравала нелегальна ў Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку. Трэба думаць, што прычынай нелегальнага выезду была таксама вельмі дрэнная бытавая сітуацыя членаў БСРГ.

Побач з палітычнай партыяй, якой была Беларуская сялянска-рабочая грамада, у другой палове 20-ых гадоў на Беласточчыне шырокую дзейнасьць вяло Таварыства беларускай школы (ТБШ), што раней існавала толькі ў Віленскім ваяводстве. Яно займалася пашырэньнем беларускай культуры. Пры арганізацыйных структурах ТБШ у Беластоку і Гарадку былі створаны бібліятэкі. Асноўная дзейнасьць канцэнтравалася вакол правядзеньня акцыяў, накіраваных на адкрыцьцё беларускіх школ. Аднак польскія ўлады, нягледзячы на тое, што насельніцтва дэкларавала жаданьне вучыць дзяцей на роднай мове, не пазвалялі адчыняць такія асьветніцкія ўстановы. Частка былых членаў Грамады, якія ў 1927 г. перайшлі ў Таварыства, моцна палітызавала яго дзейнасьць. Польская адміністрацыя, сочачы за гэтым, прымяняла рэпрэсіі ў выглядзе адміністрацыйных забаронаў зьбірацца членам на акрэсьленых у статуце зьездах, а палітычная паліцыя праводзіла арышты падазроных у, як гэта гаварылася, “падрыўной” дзейнасьці людзей. У канцы 20-ых гадоў да ТБШ адносіліся ўжо як да нелегальнай КПЗБ, на што паказваюць справаздачы беластоцкага ваяводы. І так, у гэтай службовай дакумэнтацыі, пачынаючы зь лістапада 1929 г., гэтая арганізацыя выступае побач з камуністычнай партыяй у разьдзеле: “Падрыўны рух”.

Заслугоўвае выдзяленьня дзейнасьць мясцовай структуры ТБШ у Беластоку, якой кіраваў Нікіта Федарук. Пры ўдзеле Таварыства, у ліпені 1929 г., быў створаны Выдавецка-асьветніцкі кааператыў “Рунь”. У Беластоку ў гэты час узьнікла кнігарня зь беларускімі выданьнямі. Плённая праца беластоцкіх беларусаў была зьвязана між іншым з адыходам ад сфэры палітыкі і зацікаўленасьцю культурна-асьветніцкай дзейнасьцю. Аднак антыбеларускасьць уладаў давяла да ліквідацыі ў 1932 г. кааператыва, а ў 1934 г. – Управы акругі Таварыства беларускай школы ў Беластоку.

Побач з ТБШ у 1926 г. пачаў дзейнічаць Беларускі інстытут гаспадаркі й культуры, зьвязаны з умеркаванай палітычнай плыньню, прадстаўленай Беларускім сялянскім саюзам. Ён меў добра арганізаваны гурток у Нараўцы, пры якім у 1929 г. быў пакліканы да жыцьця спажывецкі кааператыў. Аднак Інстытут не здабыў вялікага ўплыву сярод беларускага насельніцтва на Беласточчыне.

Пасьля разгону дзяржаўнымі ўладамі БСРГ у беларускім асяродзьдзі сфармаваліся тры палітычныя плыні, якія спаборнічалі паміж сабою й ў 1928 г. асобна прынялі ўдзел у выбарах у парламент РП. Найбольшы ўплыў сярод беларускага насельніцтва мела левая групоўка, утвораная былымі дзеячамі Грамады й зьвязаная зь нелегальнай КПЗБ. Падчас выбараў яны стварылі Цэнтральны выбарчы камітэт Беларускага рабоча-сялянскага аб’яднаньня. Умеркаваная плынь паклікала да жыцьця Беларускі цэнтральны аб’яднаны выбарчы камітэт. У яго склад увайшлі тры партыі: Беларускі сялянскі саюз, Беларускае праваслаўнае дэмакратычнае аб’яднаньне і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Трэцяя арыентацыя – палянафільская Беларуская радыкальная народная партыя – увайшла ў склад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам І. Пілсудскага. Гэтая раздробленасьць была між іншым прычынай лякальнага паражэньня беларускіх груповак, якія на Беласточчыне не ўвялі ў Парламент РП сваіх прадстаўнікоў. Трэба тут адзначыць, што на такі вынік у значнай ступені таксама мела ўплыў антыбеларуская палітыка польскіх уладаў.

У Сейм РП увайшлі беларускія прадстаўнікі зь іншых тэрыторый Заходняй Беларусі. Левыя паслы ўтварылі Беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб “Змаганьне”. У Гайнаўцы ў 1930 г. ён адчыніў свой сакратарыят, які, аднак, дзяржаўныя ўлады хутка ліквідавалі. Найбольш эфэктыўную дзейнасьць паслы гэтага клуба праводзілі езьдзячы па Беласточчыне і ўдзельнічаючы ў масавых мітынгах. Такія сустрэчы маглі падабацца многім беларусам. Напрыклад, у Гарадку, на мітынгу пасла Ігната Дварчаніна, пры ўдзеле сабраных там 300 чалавек, была прынята рэзалюцыя да ўладаў з наступнымі пастулятамі: Мы патрабуем падзяліць памешчыцкую зямлю сярод малазямельных беларускіх сялян без выкупу, патрабуем 8-гадзіннага працоўнага дня, патрабуем вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, патрабуем адчыніць зачыненыя беларускія школы й не абмяжоўваць дзейнасьці ТБШ. У 1930 г. паслы з Беларускага сялянска-рабочага пасольскага клуба “Змаганьне” былі арыштаваныя. Гэта адбылося неяк на другім плане агульнадзяржаўнай акцыі пілсудчыкоўскага ўрада, у выніку якой быў распушчаны парламент і арыштаваныя вядучыя дзеячы польскай апазыцыі.

На Беласточчыне ў 20-ыя гады беларускія эліты панесьлі велізарныя страты ў выніку змаганьня за элемэнтарныя грамадзянскія правы для сваёй нацыянальнай грамадскасьці. Вядучыя палітычныя дзеячы, супрацоўнікі органаў мясцовага самакіраваньня, вясковыя актывісты за ўдзел у беларускай дзейнасьці былі арыштаваныя, падвяргаліся катаваньням, прыгаворваліся на шматгадовае заключэньне ў турме. Некаторыя, баючыся рэпрэсій, эмігравалі за мяжу – галоўным чынам у Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку. Таму пасьля так бурлівай дэкады беларускі рух у наступным дзесяцігодзьдзі праходзіў перыяд застою. Большую актыўнасьць праяўляла толькі нелегальная КПЗБ, якая, пазбаўленая афіцыйнае канкурэнцыі, павялічвала ўплыў сярод беднага беларускага насельніцтва, асабліва сярод моладзі. Адна з самых вялікіх акцыяў беларусаў пад кіраўніцтвам КПЗБ супраць польскіх дзяржаўных уладаў адбылася ў кастрычніку 1934 г. у вёсцы Райск у Бельскім павеце. Арганізатары выкарысталі сялянскі пратэст у сувязі са спагнаньнем высокіх зямельных падаткаў. Гэты т.зв. “райскі бунт”, у якім удзельнічалі таксама жыхары суседніх мясцовасьцей, падавіла толькі акцыя падразьдзяленьняў паліцыі.

КПЗБ была разьвязана ў 1938 г. рашэньнем Камінтэрна па прычыне абвінавачаньня ў тым, што гэтая партыя была апанаваная правакатарамі. Аднак на самай справе была рэалізаваная злачынная палітыка Сталіна. У гэты час савецкая палітычная паліцыя фізічна зьнішчыла большасьць вядучых беларускіх дзеячаў, якія раней эмігравалі з Заходняй Беларусі ў БССР, між іншым Германа Шыманюка і Сяргея Баранава. Такі лёс сустрэў таксама вядучых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху: Браніслава Тарашкевіча і Ігната Дварчаніна.

У канцы 30-ых гадоў на Беласточчыне найбольшую актыўнасьць на нацыянальнай ніве праяўлялі беластоцкія дзеячы. Пад кіраўніцтвам між іншым Канстанціна Сідаровіча і Васіля Лукашука яны ўтварылі ў 1937 г. Кааператыў беларускіх супрацоўнікаў тэатра “Полымя”. Арганізаваныя культурна-асьветніцкія мерапрыемствы былі, аднак, палічаны польскімі ўладамі “падрыўнымі” й ў лютым 1939 г. беластоцкі стараста выдаў рашэньне спыніць дзейнасьць кааператыва.

Гаворачы пра сітуацыю беларусаў у 30-ыя гады нельга не згадаць аб т.зв. “таварыствах праваслаўных палякаў”, што былі створаныя па інсьпірацыі польскай палітычнай паліцыі ў Беластоку, Бельску Падляшскім і Саколцы. Яны сталі інстытуцыянальнымі інструмэнтамі палянізацыі царкоўнага жыцьця, што было накіравана, галоўным чынам, супраць беларускага насельніцтва. На жаль, ня процідзейнічала гэтай чарговай антыбеларускай акцыі царкоўная іерархія на чале зь епіскапам Савам (Саветавым). Сваё супраціўленьне выказвалі толькі нешматлікія парафіяльныя сьвяшчэньнікі, перш за ўсё адказваючыся навучаць у школах рэлігію на польскай мове.

Разам з захопам у канцы верасьня 1939 г. тэрыторыі Беласточчыны Чырвонай Арміяй і ўсталяваньнем савецкай адміністрацыі беларусы знайшліся ў зусім новай сытуацыі. Ва ўмовах сталінскай таталітарнай дзяржавы не было магчымасьці разьвіваць беларускае грамадскае жыцьцё. Камуністы імкнуліся да поўнага кантролю насельніцтва незалежна ад нацыянальнасьці. Яны пазволілі толькі дзейнічаць Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі ды Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Беларускай Моладзі. Пры гэтым мясцовае кіраўніцтва гэтых арганізацыяў утваралі дзеячы, якія прыйшлі на Беласточчыну разам з савецкімі войскамі. Мясцовым актывістам, нават былым членам КПЗБ або КСМЗБ, не давяралі й яны выконвалі толькі другарадныя функцыі. Савецкае праўленьне на Беласточчыне перарвалі 22 чэрвеня 1941 г. пачатак вайны й нямецкая акупацыя.

Пад нямецкім праўленьнем, ужо летам 1941 г., у Беластоку быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт, на чале якога першапачаткова стаяў Чэслаў Ханяўка, а пазьней Уладыслаў Тамашчык. Гісторык Яўген Мірановіч так піша пра мэты гэтай арганізацыі: Праца беластоцкага Беларускага камітэта ішла ў трох напрамках: спыніць антыбеларускую дзейнасьць польскай паліцыі і адміністрацыі, дапамагчы беларускаму насельніцтву, якое пацярпела ад вайны, і разбудзіць нацыянальную свядомасьць шляхам арганізацыі канцэртаў, публічных лекцыяў, розных тэартальных формаў, чытання. Камітэт выдаваў таксама беларускамоўную газету “Новая дарога”, галоўным рэдактарам якой быў паэт Фёдар Ільяшэвіч. На месцах узьніклі мясцовыя беларускія камітэты. Летам 1943 г. гэтыя структуры пераўтварыліся ў Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднаньне, якое, па сутнасьці, было партыяй. Адзьдзелы новай арганізацыі дзейнічалі ў Беластоку, Белавежы, Гарадку, Гайнаўцы, Ялаўцы, Міхалове і Нараўцы. Беласточчыну пакрыла сетка беларускіх пачатковых школ. Паўторны прыход савецкіх войскаў, на гэты раз у канцы ліпеня 1944 г., спыніў гэты зьнявечаны працэс арганізацыі беларусаў. Дзейнасьць, на якую дала згоду акупацыйная нямецкая адміністрацыя, была зь беларускага боку шырокім кампрамісам, які зводзіўся да выбару меншага зла. Пасьля вызваленьня Беласточчыны зь нямецкай акупацыі пачаўся зусім новы перыяд у навейшай гісторыі лякальнай беларускай грамадскасьці. Рашэньнем правадыра Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік Іосіфа Сталіна яна была адрэзана памежным кардонам ад сваёй асноўнай тэрыторыі й стала каля 150-тысячнай нацыянальнай меншасьцю ў польскай дзяржаве. Беларускія эліты, якія раней ангажыраваліся ў афіцыйную дзейнасьць і ўцягнуліся ў супрацоўніцтва зь немцамі, пакінулі рэгіён і падаліся на захад. Гэтыя людзі пазьбегнулі рэпрэсіяў з боку новых, камуністычных уладаў. Нешматлікія, якія ня выехалі, у хуткім часе былі выключаны з грамадскага жыцьця. Напрыклад, Ян Гелда, былы старшыня БСРГ на Сакольшчыне, які падчас акупацыі быў камэндантам беларускай паліцыі ў Беластоку, за супрацоўніцтва зь немцамі быў прыгавораны на сьмяротнае пакараньне й прыгавор быў выкананы. Дырэктар беларускай школы ў Гайнаўцы, Васіль Бахар, быў арыштаваны й вывезены ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Падобны лёс спаткаў у сакавіку 1946 г. праваслаўнага сьвяшчэньніка Канстанціна Байку зь Бельска Падляшскага, які пасьля вайны навучаў рэлігіі ў беларускіх школах.

Пасьля вызваленьня Беластока заснавальнікі кааператыва “Полымя”, што існаваў да вайны, на чале з Канстанцінам Сідаровічам, нанова заняліся культурна-асьветніцкай дзейнасьцю, на гэты раз у Аб’яднаньні супрацоўнікаў беларускага тэатра “Полымя”. Аднак беластоцкія ўлады ўжо ў 1945 г. не пазволілі працягваць гэтую беларускую ініцыятыву.

У першых пасьляваенных гадах толькі сыстэма адукацыі была сфэрай афіцыйнае нацыянальнае дзейнасьці беларусаў. На жаль, ужо ў навучальным годзе 1945/1946 польскія асьветніцкія ўлады ліквідавалі беларускія сярэднія школы, а ў наступным – таксама пачатковая. Настаўнікам, якія разьлічвалі на абарону з боку Польскай рабочай партыі, не памагло нават уступленьне ў рады гэтай арганізацыі. Палітыка, рэалізаваная Асьветніцкім адзьдзелам школьнай акругі ў Беластоку, была разьлічаная ня толькі на зьнішчэньне беларускіх структур, але й накіраваная супраць канкрэтных людзей. Адносілася гэта між іншым да апошняга дырэктара Беларускай гімназіі ў Гайнаўцы Васіля Літвінчыка. Пасьля ліквідацыі гэтай школы ён быў прымусова накіраваны на працу ў Цехановец, што ў тагачаснай сытуацыі азначала проста сьмерць з рук аднаго з узброеных атрадаў польскага падпольля. Літвінчык ужо не вярнуўся на працу ў сыстэме адукацыі й гэтым самым пазьбег трагічнага лёсу іншых беларускіх настаўнікаў.

Вострая барацьба за ўладу паміж двума польскімі лагерамі, якія пасьля вызваленьня адмоўна аднесьліся да беларускіх незалежных імкненьняў, пачала працэс пераходу беларусаў на камуністычны бок. Асабліва неадукаваная вясковая моладзь была аб’ектам, які лёгка падчыняўся маніпуляцыі. Пад уплывам афіцыйнай прапаганды беларусы ўваходзілі ў структуры таталітарнай дзяржавы, але функцыянавалі ў іх як польскія камуністы. Паводле цэнтральнага кіраўніцтва Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП) гэтае ўключэньне прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў т.зв. “будову сацыялістычнай радзімы” было, аднак, надта павольным. Таму было вырашана зьмяніць палітыку ў адносінах да беларускай меншасьці, і ўжо ў палове 1949 г. улады зноў пазволілі адчыняць школы з роднай мовай навучаньня, каб пры дапамозе ўсеагульнай адукацыі паскорыць фармаваньне т.зв. “сацыялістычнага грамадства”. Беларусы выкарысталі гэтую сытуацыю, і на працягу некалькіх гадоў узьнікла на Беласточчыне сетка каля 200 школ з беларускай мовай. На жаль, у іх вучылі перш за ўсё “сацыялістычных сутнасьцяў”, якія абмяжоўвалі беларускую праблематыку й проста скажалі аб’ектыўныя веды пра беларускі народ і польска-беларускія адносіны.

Першай беларускай арганізацыяй, якая пачала дзейнічаць ва ўмовах ужо поўнасьцю сфармаванай камуністычнай сыстэмы, было Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ). Пакліканае да жыцьця ў пачатку 1956 г. БГКТ сканцэнтравала амаль усю эліту беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Гэтая структура, задуманая як інструмэнт палітыкі ўладаў, аб’яднала ў сабе два супярэчлівыя намеры. І так, камуністычным уладам служыла для кантролю беларускіх ініцыятываў, а самім беларусам давала магчымасьць рэалізаваць асноўныя патрэбы ў сфэры культуры. Таварыства ў 60-ыя гады стала масавай арганізацыяй і абняло сваёй дзейнасьцю амаль усе тыя мясцовасьці Беласточчыны, дзе пражывалі беларусы. З удзелам дзеячаў таварыства ў 1966 г. у Белавежы быў створаны Беларускі этнаграфічны музей. Аднак ужо ў пачатку наступнага дзесяцігодзьдзя ён быў зачынены.

Аўтанамічнай структурай, што ўзьнікла амаль адначасова з БГКТ, была рэдакцыя тыднёвіка “Ніва”. Гэты часопіс, які кіраўніцтвам БГКТ лічыўся ўласным прэсавым органам, па сутнасьці да канца 80-ых гадоў падчыняўся Ваяводскаму камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі ў Беластоку. Аднак ён адыграў вельмі важную ролю, паколькі прызвычаіў беларусаў да пісьмовага роднага слова. Дзякуючы галоўнаму рэдактару “Нівы”, Юрыю Ваўкавыскаму, у 1959 г. была заснаваная літаратурная група “Белавежа”, у якой сабралася асяродзьдзе беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў. Пад шыльдай БГКТ яны публікавалі свае паэтычныя й літаратурныя творы.

На жаль, у 70-ыя гады палітыка ўладаў Польскай Народнай Рэспублікі ў адносінах да нацыянальных меншасьцей абвастрылася, і ў выніку нават тыя невялікія сфэры функцыянаваньня беларусаў як сыстэма адукацыі й аматарская артыстычная дзейнасьць былі вельмі абмежаваныя. Праўленьне І сакратара ПАРП Эдуарда Герэка давяло да паслабленьня дзейнасьці БГКТ, ліквідацыі школ з беларускай мовай навучаньня й выклікала сур’ёзны крызыс навучаньня роднай мовы ў беларускіх асяродзьдзях. Аднак яно спрычынілася да адноснага паляпшэньня матэрыяльнага быту насельніцтва, асабліва, што неабходна падкрэсліць, зраўняла статус сялян з жыхарамі гарадоў, забясьпечваючы ім бясплатнае мэдабслугоўваньне і даючы магчымасьць атрымаць пенсію пасьля здачы гаспадаркі ў дзяржаўны зямельны фонд. Гэтыя крокі паспрыялі таму, што зараз герэкаўская эпоха многімі беларусамі ацэньваецца станоўча. Эканамічны крызыс у Польшчы, які ўвідавочніўся ў канцы 70-ых гадоў, і ў выніку яго адыход ад улады ў 1980 г. каманды Герэка перарваў далейшую рэдукцыю беларускасьці на Беласточчыне. Пачаўся новы этап у разьвіцьці беларускай меншасьці ў Польшчы.

Разам з вымушаным у тым часе супраціўленьнем палякаў камуністычным таталітарным уладам, дэмакратызацыяй грамадска-палітычнага жыцьця й павелічэньнем сфэры грамадзянскіх правоў у беларускім асяродзьдзі заявіла пра сябе пакаленьне студэнцкай моладзі. Студэнты ня бачылі магчымасьці рэалізаваць свае культурна-асьветніцкія патрэбы ў рамках БГКТ і вырашылі ўтварыць Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (БАС). У працы гэтай арганізацыі ў хуткім часе пачало ўдзельнічаць некалькі сотняў людзей. Аднак ва ўмовах ПНР кожная ініцыятыва, якая выходзіла па-за межы, накінутыя ўладамі, ставалася варожай палітычнай дзейнасьцю. Так жа было ўспрынята ўладамі ўтварэньне беларускай студэнцкай арганізацыі, рэестраваць якую не давала дазволу Міністэрства навукі, вышэйшай адукацыі й тэхнікі. Ва ўмовах канфрантацыі руху “Салідарнасьць” з афіцыйнымі польскімі ўладамі беларускія студэнты арганізавалі культурныя й турыстычныя мерапрыемствы, выдалі два нумары бюлетэня “Апошнія паведамленьні БАСа”. Далейшая дзейнасьць Беларускага аб’яднаньня студэнтаў была перарваная 13 снежня 1981 г. увядзеньнем у Польшчы ваеннага становішча.

Вызваленая ў пераломным 1981 годзе ідэя самастойнасьці, самакіраваньня, вызначэньня беларусаў як раўнапраўнага суб’екта польскай дзяржавы не была задушана жорсткімі абмежаваньнямі ваеннага становішча. Ужо ў наступным навучальным годзе студэнты пайшлі на вымушаны кампраміс з уладамі і пачалі арганізавацца ў рбды культуры, якія функцыянавалі як аўтаномныя ў рамках афіцыйнага Аб’яднаньня польскіх студэнтаў. У 80-ыя гады беларускія рады культуры ўзьніклі ў Варшаве й Ольштыне, а ў Беластоку сумесна зь літоўцамі была створана Беларуска-літоўская студэнцкая рада культуры. Студэнцкая моладзь арганізавала шмат забаўных і асьветніцкіх мерапрыемстваў, выдавала бюлетэнь “Сустрэчы”. Аднак найважнейшай формай дзейнасьці была самаадукацыя – проста адкрываньне і вяртаньне да жыцьця беларускіх нацыянальных традыцыяў.

Іншай ініцыятывай, што мела на мэце вызваленьне часткі беларускіх элітаў з-пад кантролю камуністычнага апарату, была спроба ўтварыць Таварыства догляду помнікаў даўніны й разьвіцьця беларускай матэрыяльнай культуры ў Польшчы. Аднак улады ў студзені 1983 г. не далі згоды на дзейнасьць гэтай арганізацыі. Таксама непрыхільна аднеслася прэзыдыум БГКТ. Рэакцыяй уладаў і самога БГКТ на павелічэньне актыўнасьці беларускай апазыцыі было ўтварэньне пры таварыстве, ужо ў канцы 1983 г., Грамадскага камітэта будовы беларускага музэя. Пазьней ён пераўтварыўся ў Грамадскі камітэт будовы музэя помнікаў беларускай культуры й рэвалюцыйнага руху ў Гайнаўцы й быў зарэестраваны як таварыства ў 1984 г.

Свайго роду фэномэнам сярод нацыянальных меншасьцяў у Польшчы была пазацэнзурная выдавецкая дзейнасьць беларусаў. Яшчэ ў канцы 1980 г. у Беластоку было пакліканае да жыцьця Беларускае незалежнае выдавецтва, якое апублікавала між іншым некалькі нумароў пэрыёдыка “Беларускія Дакумэнты”. У канцы 80-ых гадоў гэтую дзейнасьць працягвала выдавецтва “Бераг”.

Вялікай падзеяй для беларускай нацыянальнай меншасьці быў Зьезд беларускіх студэнтаў, які прайшоў 28 сакавіка 1987 г. у Бельску Падляшскім. Ён засьведчыў, што маладое пакаленьне, нягледзячы на перашкоды з боку камуністычнай дзяржавы, будзе паслядоўна імкнуцца задаволіць уласныя патрэбы, таксама на нацыянальным грунце. Тады было вырашана ўтварыць самастойную арганізацыю – Беларускае аб’яднаньне студэнтаў.

Разам з распадам камуністычнах структур у Польскай Народнай Рэспубліцы студэнты выступілі да ўладаў з заявай зарэестраваць БАС, што адбылося толькі 29 лістапада 1988 г. У пасьляваеннай Польшчы пачала легальна дзейнічаць другая, побач з БГКТ, беларуская арганізацыя, якая мела свае гурткі ў Беластоку, Варшаве, Ольштыне, Гданьску й Любліне.

Зусім новыя магчымасьці адкрыліся ў 1989 г. – пасьля пагадненьняў т.зв. круглага стала, г.зн. кампраміса паміж кіраўніцтвам ПАРП і рухам “Салідарнасьць”. Выбары ў Сейм і Сенат у чэрвені 1989 г. паказалі, што беларусы могуць адыграць на Беласточчыне таксама й палітычную ролю. У лютым наступнага года была створана палітычная партыя – Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне (БДА). Яе першым старшынёю быў выбраны Сакрат Яновіч.

У пачатку 90-ых гадоў дзеячы БДА выйшлі з прапановай стварыць адзін беларускі форум у выглядзе Рады беларускіх арганізацыяў, які выпрацаваў бы асноўныя напрамкі разьвіцьця беларускай грамадскасьці. Аднак гэтая ініцыятыва ў хуткім часе была адкінута кіраўніцтвам БГКТ, а іншыя беларускія арганізацыі ўтварылі Беларускі саюз ў Рэчы Паспалітай.

У 90-ыя гады ў Беластоку ўзьнікла некалькі арганізацыяў: Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”, Зьвяз беларускай моладзі, Асацыяцыя беларускіх журналістаў, Беларускае гістарычнае таварыства, Беларускае таварыства асьветы, Асацыяцыя Villa Sokrates. Яны аб’ядналі людзей з канкрэтнымі інтарэсамі. Нягледзячы на адсутнасьць публічных інстытуцыяў, фінансаваных з дзяржаўнага бюджэту або органамі мясцовага самакіраваньня, гэтыя арганізацыі вядуць дзейнасьць на высокім узроўні, канкурэнтную ў адносінах да польскіх структур. Апошняе дзесяцігодзьдзе паказала, што беларуская грамадскасьць жыве й паступова стварае інструментальныя асновы нацыянальнага жыцьця.

Славамір Іванюк

Бібліяграфія

Базылюк Марыя, Дарога Яўгена Хлябцэвіча з Жыровіц і Клейнік у шырокі свет, [y:] “Беларускі каляндар на 1989 год”, Беласток 1989, с. 52-58.
Bergman Aleksandra, Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej, Warszawa 1984, ss. 287.
Choruży Wiesław, Działalność Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady w powiecie białostockim, bielskim i sokólskim w latach 1925-1927, w: “Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1994, nr 1, ss. 40-61.
Czerepica Walery, Związki rewolucjonistów Białorusi i Polski w latach 70-80 XIX wieku, Warszawa 1985, ss. 160.
Kalina Jerzy, Bractwo Włościan Białorusinów, w: “Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1994, nr 1, ss. 29-38.
Karpiuk Aleksander, Białoruskie Towarzystwo Społeczno-Kulturalne w latach 1956-1970, w: “Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1994, nr 1, ss. 85-109.
Majecki Henryk, Działalność Białoruskiego Włościańsko-Robotniczego Klubu Poselskiego na Białostocczyźnie w latach 1928-1930, w: Studia polsko-litewsko-białoruskie, pod red. J.Tomaszewskiego, E.Smułkowej i H.Majeckiego, Warszawa 1988, ss. 219-230.
Majecki Henryk, Działalność Towarzystwa Szkoły Białoruskiej na Białostocczyźnie, w: Studia polsko-litewsko-białoruskie, pod red. J.Tomaszewskiego, E.Smułkowej i H.Majeckiego, Warszawa 1988, ss. 201-218.
Matus Irena, Biblioteki-czytelnie im. Florentego Pawlenkowa i towarzystwa kredytowe w białoruskich wsiach Podlasia na początku XX wieku, w: “Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 1994, nr 1, ss. 9-18.
Mironowicz Eugeniusz, Białorusini w Polsce 1944-1949, Warszawa 1993, s. 219.
Powstanie i działalność Białoruskiej Włościańsko-Robotniczej Hromady na Białostocczyźnie, Białystok 1973, s. 169.
Wysocki Roman, Spółdzielczość białoruska na terenie województwa białostockiego w latach 1919-1939, w: “Białostocczyzna”, nr 1/1996, ss. 39-47.
пераклад Базылi Сегень