Aktualny język artykułu: BEZmień język artykułu: PL

Барды не прымушаюць слухаць, але даюць магчымасьць пачуць

“Бардаўская восень” - апошняе дзесяцігоддзе кожны кастрычнік гэта словаспалучэньне ўзьнікае на вуліцах Бельска ў выглядзе афіш. Яны запрашаюць у мясцовы Дом культуры паслухаць людзей, якія сьпяваюць тое, што прыдумалі самі. І не заўсёды сьпевы іх дасканалыя, не заўсёды дастаткова гучныя і мілагучныя, але заўсёды душэўныя, заўсёды напісаныя не таму, што трэба, а таму, што вельмі захацелася напісаць. Тым, хто гэта ўсьведамляе, хто не шукае танных зьнешніх эфектаў, якія маштабна навязвае масавая культура, сустрэчы з гэтымі сьпевамі даюць многа. Карацей кажучы - барды не прымушаюць слухаць, але даюць магчымасьць пачуць.

Дзесяцігоддзе - гэта ўжо гісторыя, але гісторыя нядаўняя. А даўняя гісторыя, у агульных рысах, выглядае прыблізна так.

Бард - слова кельцкае. Так зваліся тыя, хто належыў да вышэйшай касты. А кельты - гэта ў свой час вельмі моцнае і колькасна вялікае племя, якое з глыбокай даўніны насяляла Еўропу. Кельты вельмі шанавалі касту бардаў і друідаў, ставячы іх нават вышэй сваіх каралёў. Гэтая павага паходзіла ня толькі ад таго, што барды былі народнымі сьпевакамі, на іх былі ўскладзеныя і абавязкі рэлігійныя. Пры кожным храме быў свой бард, які пад гукі арфы славіў Бога, якому служыў, ахоўваў яго храм, і правіў бліжэйшым горадам. За гэтым, вышэйшым класам ішоў другі, які сваімі сьпевамі ўхваляў герояў, што паказалі сябе ў бойках. І нарэшце трэці, ніжэйшы клас, які жыў пры двары караля. Для песень там было толькі тры асноўныя тэмы - радавод караля, яго багацьце, яго веліч.
Гэта ўсё, што мы ведаем пра бардаў у часы да Хрыстовага нараджэньня і першыя чатыры вякі пасьля яго. Яны ставілі сябе вельмі высока, цураліся натоўпу, жылі на самоце. Таму зьвестак пра іх з гэтага перыяду захавалася нямнога.
З чацьвертага века вядома болей. У гэты час рымляне, якія вельмі баяліся моцнага ўздзеяньня друідаў на народ, абыходзіліся з імі вельмі жорстка, папросту - стараліся зьнішчыць. Барды, як шчыльна зьвязаныя з друідамі, таксама мусілі ратавацца. А рымляне лютавалі. Вырубаліся сьвяшчэнныя дрэвы, руйнаваліся храмы. Па гэтым гвалце вышэйшы клас - барды-сьвятары, быў цалкам вынішчаны, засталіся толькі два ніжэйшых.
Пасьля, калі рымскі ўціск аслабеў, барды ажылі зноў, ізноў загучалі сьпевы, вярнулася павага, але гэта ўжо было ня тое, бо барды-святары так болей і не ўваскрэсьлі.
Цяпер барды падзяляліся на вучняў, прыдворных бардаў і настаўнікаў. Вучні пасьля гадоў выпрабаваньняў пераходзілі (ці не пераходзілі) на другую прыступку.
Прыдворныя барды сядзелі абапал караля, жылі ў палацы, роля іх была даволі значнай.
Калі кароль ці каралева прасілі пасьпяваць, то па законе бард мусіў выкананаць для іх тры песьні. Па замове ж простага народа ён быў абавязаны сьпяваць да зьнямогі, гэтым падкрэсьльвалі, што народ знаходзіцца бліжэй да барда, чым кароль. На вайне барды сьпявалі падчас бітвы, за гэтае пры падзеле здабычы, звыш сваёй долі яны атрымлівалі быка.
Асоба барда была недатыкальная. Таго, хто яго пакрыўдзіць, чакала вельмі суровая кара.
Закон забараняў барду насіць зброю. Галоўнымі яго абавязкамі былі падтрымка і распаўсюд ведаў, дабразычлівасьці, мудрасьці, гасьціннасьці, а таксама захаваньне памяці пра ўсе важныя падзеі, пра людзей, гэтай памяці вартых.
Барды-настаўнікі ўжо не належылі да каралеўскіх прыдворных, яны былі ўжо значна вышэй. Узьняцца на гэтую прыступку мог толькі пераможца спаборніцтва, якое праводзілася ў межах урачыстага сходу бардаў кожныя тры гады.
І апошняе. Пазбавіць дзяцей залежнасьці ад гаспадара тады можна было аддаўшы іх у сьвятары ці ў барды. Паэзія вызваляла нараўне з сьвятарствам.

Сітуацыя цяпер зусім іншая. З тых часоў сьвет ужо некалькі разоў пасьпеў перакуліцца. Дзе цяпер тыя каралі, тыя гаспадары. Але людзі ж ёсць. Іхныя клопаты выглядаюць фармальна інакш, але па сутнасьці грунтуюцца на тых самых патрэбах, што і тысячы гадоў таму, як ні круці. І як бы не стараліся яны, сучасныя людзі, але перамагчы, перарасьці сутнасць немагчыма. Таму і жыве ў чалавеку жаданьне нешта такое выказаць, для чаго мала простых словаў. Яно бессмяротнае, не падуладнае ні часу, ні таму, што ўсеагульна прызнаецца за прагрэс. Гэта паэзія. Не набор рыфмаваных, рытмаваных, ці ў іншы спосаб падабраных слоў, які сучасныя машыны робяць хутчэй за чалавека, а менавіта паэзія, як сродак перадачы на адлегласьць рухаў чалавечай душы. І як бы ні чарсцьвела грамадства, заціскаючы тую самую душу ў далёкі куток, каб яна не перашкаджала зарабляць грошы, пастаянна знаходзяцца тыя, хто ня можа сваю душу ў тым кутку ўтрымаць. Многія з іх ня могуць правільна скіраваць энергію гэтага руху, пакутуюць з гэтага, гінуць. Некаторым удаецца просты выпуск пары, гэта ўжо лепш, хаця, бывае, шкодзіць навакольлю. І толькі адзінкам дадзена здольнасьць даносіць часьцінкі ўласнай душы да другіх, асобных людзей, аб”ядноўваючы іх гэтым у чалавецтва. І толькі яны здольныя адрадзіць дух бардаў-сьвятароў, і цудоўна калі гэта адбываецца.
Рытм жыцьця не дае большасьці людзей зазірнуць у сябе. Пастаянна знаходзяцца справы, якія падаюцца ім больш тэрміновымі і важнымі. Людзі займаюцца імі, вырашаюць ці не вырашаюць, адкладаюць і вяртаюцца да іх ізноў, думаючы, што гэта і ёсьць жыцьцё. А жыцьцё на самой справе гэтым часам існуе не для іх.
Памагчы людзям знайсьці сябе і адчуць сваіх сяброў. Такую задачу павінны дапамагчы вырашаць цяперашнія барды. Ім нялёгка. У першую чаргу з-за таго, што няма тых школ, тых настаўнікаў, а навука, якая ідзе праз памылкі, даецца марудна.
Таму вельмі добра, што сярод тых, хто чакае дапамогі, знаходзяцца гатовыя ў сваю чаргу дапамагаць.
“Бардаўская восень” у Бельску - яскравы таму прыклад. Гэта адна з вельмі нешматлікіх магчымасьцяў сустрэцца людзям, якія спрабуюць сябе ў якасьці бардаў. А для тых, хто піша свае песьні па-беларуску, на цяперашні час увогуле адзіная магчымасьць на свае вочы убачыць сабе падобных.
За гады свайго існаваньня “Бардаўская восень” перажывала і посьпехі, і няўдачы. І гэта нармальна, так і павінна быць, у гэтым яе асаблівасьць. Калі яе арыентаваць толькі на посьпех у гледача, удасканальваць рэжысуру, дадаваць сучасныя дарагія эфекты, то яна ператворыцца, і вельмі хутка, у звычайны рэгіянальны конкурс самадзейнай народнай творчасьці. Не хацелася б, бо тады згубіцца асноўная мэта і галоўная задача - пошук новага, таго самага новага, якое ўжо было, якое ўжо шмат разоў знаходзілі розныя людзі ў розных краінах, але ўпарта працягваюць шукаюць усе, бо гэты пошук і ёсьць жыцьцё. Менавіта такі пошук новага стаіць тут на першым месцы, а не традыцыйная дэманстрацыя лепшага. У гэтым унікальнасьць і неабходнасьць “Бардаўскай восені”.

Алесь Камоцкі